Пасол Эстоніі пакідае Беларусь. Афіцыйны Менск ім задаволены, апазыцыя ня вельмі

Яак Ленсмэнт (Jaak Lensment)

Яак Ленсмэнт, які з 2010 году ачольваў дыпляматычную місію Эстоніі ў Беларусі, 1 жніўня вылятае ў Токіё на новае месца працы. Ён прызначаны паслом сваёй краіны ў Японіі.

На разьвітаньне спадара Ленсмэнта, як паведамляе афіцыйны сайт МЗС Беларусі, прынялі намесьніца міністра замежных спраў Алена Купчына і міністар Уладзімер Макей. Спэцыялісты ў міжнародных справах адразу зьвярнулі на гэта ўвагу. Рэдка бывае, каб з паслом, які пакідае краіну, да таго ж які прадстаўляў у Беларусі краіну, што ўваходзіць у НАТО, з павагай разьвіталіся і намесьнік міністра і сам міністар. Гэта прызнаньне таго, што праца спадара Ленсмэнта ў Беларусі была, на думку афіцыйных уладаў, плённай.

А вось у апазыцыі пра былога пасла Эстоніі іншае ўражаньне. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа:

«Гады тры-чатыры таму ў Беларусі працавала вельмі моцная і прафэсійная каманда паслоў. Менавіта каманда! Рэгулярна, звычайна па аўторках, праводзіліся сустрэчы дыпляматаў з прадстаўнікамі апазыцыі. На іх выпрацоўваліся калегіяльныя рашэньні. На акцыях апазыцыі раней можна было бачыць картэж дыпляматычных аўтамабіляў з дзяржаўнымі сьцяжкамі.

І гэта стала праблемай для ўлады. Яна зрабіла ўсе, каб выціснуць гэтых дыпляматаў зь Беларусі. Каго праз скандалы, каго нейкім іншым чынам. Фактычна за мяжу пайшло пасланьне, каго беларускі бок хацеў бы бачыць у Беларусі. Гэта павінны быць нейкія гандлёвыя прадстаўнікі, напрыклад, Вэнспілсу, Клайпеды... Яны не павінны займацца пытаньнямі правоў чалавека, свабодаў, а павінныя рэгулярна хадзіць у адміністрацыю прэзыдэнта альбо МЗС і ў лепшым выпадку рабіць нешта ў сфэры эканомікі.

Амбасадар Эстоніі з гэтай кагорты. Ён, хутчэй, не прадстаўнік краіны Эстонія, а прадстаўнік нейкіх гандлёвых структур. Спадар амбасадар Эстоніі — гэта той від дыплямта, якога і хоча бачыць у Беларусі афіцыйны Менск».

Новы пасол Эстоніі ў Беларусі ўжо прызначаны. Гэта Маіт Мартынсон. Ён нарадзіўся ў 1969 годзе. Скончыў эканамічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў у апараце МЗС, быў першым сакратаром у пасольстве Эстоніі ў ЗША, а таксама займаў пасады пасла ў Кітаі ды Ірляндыі. Ірляндыя і была апошнім месцам яго працы, пачынаючы з 2010 году.

Дарэчы, і кіраўнік дыпляматычнай місіі Беларусі ў Эстоніі таксама зьмяняецца. 30 чэрвеня 2014 году Аляксандар Лукашэнка прызначыў паслом у Эстонію Анатоля Сьцепуся.

Яму 54 гады. У яго дзьве вышэйшыя адукацыі — эканамічная і лінгвістычная. Працаваў у Віетнаме і Японіі. З 2008 году ачольваў пасольства Беларусі ў Лібіі і па сумяшчальніцтве — у Тунісе і Марока.

Цікава, што папярэднік Сьцепуся Вадзім Лазерка працаваў у Эстоніі ў якасьці часовага паверанага.