Як паведамляе Інтэрфакс, кантактная група ў Менску прыняла рашэньне, што маршрут, па якім міжнародныя экспэрты ў чацьвер дабраліся да месца крушэньня малазійскага «Боінга», будзе захоўвацца.
«У рамках кантактнай групы вырашана, што па тым калідоры, які быў сёньня правераны місіяй АБСЭ сумесна з партнэрамі зь Нідэрляндаў і Аўстраліі, будзе захоўвацца спыненьне якіх-небудзь баявых дзеяньняў на гэтым маршруце з боку баевікоў. І гэта рашэньне ў рамках трохбаковай кантактнай групы сёньня прынята», — паведаміў віцэ-прэм’ер Украіны, кіраўнік дзяржкамісіі па расьсьледаваньні абставінаў прычын катастрофы Boeing 777 «Малазійскіх авіялініяў» Уладзімір Гройсман на брыфінгу ў чацьвер вечарам.
Ён распавёў, што з пункту Ясінаватая да Дэбальцава група замежных прадстаўнікоў рухалася па трыторыі, кантраляванай украінскімі вайскоўцамі, а далей — як заявілі ўлады самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі — менавіта яны абаранялі замежных спэцыялістаў падчас іх працы на месцы авіякатастрофы і пры вяртаньні ў Данецк.
Уладзімер Гройсман паведаміў, што на перамовах у Менску прадстаўнікі сэпаратыстаў абяцалі на працягу двух дзён перадаць украінскім уладам вагон з рэчамі ахвяр трагедыі. Пры гэтым віцэ-прэм’ер ня выключыў, што на месцы падзеньня самалёта могуць заставацца целы загінулых.
Апоўначы мінае перамір’е, абвешчанае на просьбу ААН у зоне падзеньня малайзійскага «Боінга», заявіў прадстаўнік Савета нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Лысенка. Паводле яго, украінскія вайскоўцы не вялі баявых дзеяньняў, а сэпаратысты двойчы адкрывалі агонь. Пры крушэньні «Боінга 777» «малайзійскіх авіяліній» 17 ліпеня пад Данецкам загінулі 298 чалавек, больш за палову з іх — падданыя Нідэрляндаў.
Сёньня кантактная група па Ўкраіне сабралася ў Менску ў поўным складзе. Украіну на перамовах прадстаўляе кіраўнік дабрачыннага фонду «Ўкраіна», другі прэзыдэнт гэтай краіны Леанід Кучма, Расею — амбасадар ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў, Арганізацыю бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ Адэльхэйд Тальявіні. На трохбаковых перамовах прысутнічаюць таксама прадстаўнікі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі.