Архітэктар Вадзім Пракопчык распрацаваў калекцыю саколак з сымболікай традыцыйнага беларускага арнамэнту «Крывіцкія руны». Аснову дызайну склалі знакі арнамэнтальнага шрыфта Міхаіла Баярына «Бліскавіца».
Выявы дзевяці маек разьмешчаны на старонцы суполкі sakolka.by у фэйсбуку.
Праект працуе зараз у тэставым рэжыме, напоўніцу ён запрацуе зь сярэдзіны жніўня.
Вадзім распавёў, што сама задумка зарадзілася яшчэ гады 2 таму. Было зарэгістравана дамэннае імя sakolka.by, і асобныя працы проста складаліся ў шафу. Але ў траўні адбылася лекцыя Міхаіла Баярына ў «Лятучым унівэрсытэце», дзе ён прэзэнтаваў свой праект — новы стылізаваны шрыфт, які ствараецца з элемэнтаў беларускага арнамэнту. А потым Распачалася, як выказаўся Вадзім, «шалёная і вельмі цікавая хваля з вышыванкамі». І яму падалося, што надышоў час таксама выказацца на гэтую тэму:
«І акурат цяпер. Я выкарыстаў сымбалі, распрацаваныя Міхасём Баярыным, і прапанаваў прасунуць іх у грамадзтва, у народ. Бо мяне некалі „зачапіў“ артыкул Максіма Жбанкова, дзе ён казаў, што наша мастацтва існуе асобна, а наш народ існуе асобна — з тае прычыны, што мастакі ня хочуць ісьці ў народ, нешта туды прасоўваць, а народ ня хоча нічога глядзець і купляць.
Ну і мне падалося, што калі руны ляпіць на звычайныя саколкі і прапанаваць людзям, мастацтва можна такім чынам прасунуць. Да таго ж, мне падалося, што вышыванка, якую сёньня так актыўна прапагандуюць, у такім чыстым выглядзе, нават у прынтах на плёнцы — гэта не зусім тое, што павінна быць у горадзе ў ХХІ стагодзьдзі. А знакі Міхаіла — яны такія вычышчаныя, яны такія дызайнэрскія, яны адпавядаюць майму разуменьню горада ХХІ стагодзьдзя. І я думаю, што месьцічы могуць хадзіць у такіх саколках з задавальненьнем, гэта не выглядае архаічна. Але хачу падкрэсьліць, што я ня супраць іншых варыянтаў, і думаю, што чым болей будзе вышыванак, саколак, тым будзе лепей».
Філёзаф, санскрытоляг, паэт Міхаіл Баярын, аўтар стылізаванага шрыфту, які ствараецца з элемэнтаў беларускага арнамэнту, прапанаваў для саколак пакуль дзевяць знакаў.
Міхась кажа, што ягоны падыход да сымбалізму — не зусім традыцыйны, не зусім такі, як у аўтараў, якія працуюць з арнамэнтам, фальклёрам, этнаграфіяй.
«Я іду хутчэй ад агульнага да канкрэтыкі, чым наадварот. Калі дасьледчык вывучае багаты матэрыял, распытвае носьбітаў традыцыі, што азначаюць пэўныя ўзоры, у якіх кантэкстах яны ўжываюцца, то я пад агульнай ідэяй сымбалізму ўсіх традыцый у сьвеце, гэтыя прынцыпы прымяняю да нашай традыцыі. Я лічу, што ўвогуле сымбалізм як зьява азначае, што ў сымбалях няма прадметнай суаднесенасьці, гэта зьява другасная. Сымбаль у прынцыпе азначае сам сябе, азначае сваё дзеяньне. І ўжо ў другую чаргу азначае суаднясеньне з рэальнасьцю.
Сымбаль гэта ня мова, ня нейкі шыфр, нейкі код, а гэта іншы спосаб гаварыць. Сымбалізм здольны выказаць абсалютна любы сэнс пэўным наборам знакаў. Сымбаль можна расшыфраваць цэлым шэрагам значэньняў, да кожнага знаку можна падабраць 15 — 20 значэньняў, але гэта не пераклад, не кадзіроўка, ня шыфр, гэта, хутчэй, прасьвечваньне, рэстылізацыя. Гэта іншы погляд на сымбалі.
Я вельмі рады, што арнамэнт становіцца папулярным, што грамадзтва дыскутуе наконт вышыванак, наконт саколак».
На пытаньне, наколькі знакі на саколках з калекцыі «Крывіцкія руны», так бы мовіць, маюць беларускія карані, Вадзім Пракопчык адказаў так? наколькі гэтыя руны крывіцкія
«Часткова — гэта элемэнты традыцыйныя. Каб не сумнявацца, трэба пагартаць кнігі з рушнікамі, вышыванкамі, народным аддзеньнем. Гэта відавочна. Частка гэтых знакаў — абсалютна новая, але усе яны распрацаваныя ў межах адной матрыцы. Так што даказваць, што гэта чыста беларускія знакі, ня варта. Розныя тэорыі існуюць — пра кельтскую культуру, якая зьяўляецца базавай, ёсьць іншыя тэорыі. Таму я ня буду казаць, што гэта чыста беларуская зьява. Гэта новы праект, які стварылі беларусы, скарыстаўшыся матрыцай».
Вадзім Пракопчык і Міхась Баярын кажуць, што «Крывіцкія руны» — гэта адзін з праектаў, наперадзе будуць іншыя, цалкам адрозныя ад гэтага.