Украіну на перамовах прадстаўляе кіраўнік дабрачыннага фонду "Ўкраіна", у мінулым другі прэзыдэнт гэтай краіны Леанід Кучма. Расею – амбасадар ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў. Арганізацыю па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) – афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ Адэльхэйд Тальявіні. Як перадае БЕЛТА, у перамовах удзельнічаюць і прадстаўнікі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі. Бакі плянуюць абмеркаваць забесьпячэньне бясьпечнага доступу да месца крушэньня малазійскага ляйнэру міжнародных экспэртаў, а таксама вызваленьня палонных.
Перад пачаткам перамоваў стала вядома, што Леанід Кучма сёньня пасьпеў сустрэцца з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Той сказаў, што Беларусь будзе рабіць усё дзеля нармалізацыі сытуацыі ў краіне-суседцы, паведамляе БелТА:
«Пасярэдніцтва я не цярплю наагул. Мы будзем разам з вамі рабіць для нашай Украіны ўсё неабходнае, каб хоць неяк зьнізіць напал супрацьстаяньня на ўсходзе Ўкраіны. Мы ў гэтым надзвычай зацікаўленыя», — сказаў Лукашэнка. Ён падкрэсьліў, што прымае Леаніда Кучму як прэзыдэнта, паколькі «былых прэзыдэнтаў не бывае».
У тым, што Лукашэнка прыняў Кучму, але не сустрэўся з Зурабавым, нічога надзвычайнага няма, — кажа палітоляг Андрэй Фёдараў. — Кучма быў прэзыдэнтам. І Лукашэнка сёньня зусім не выпадкова падкрэсьліў, што былых прэзыдэнтаў не бывае:
«Я ня думаю, што сустрэча з былым украінскім прэзыдэнтам на нешта паўплывае і неяк зьменіць абставіны сёньняшняй сустрэчы. Беларусь ня ўдзельнічае ў гэтых перамовах як нейкі партнэр альбо пасярэднік. Яна проста дае пляцоўку. А тое, што была сустрэча з Кучмам, дык яны ж калісьці былі калегамі. І Кучма быў прэзыдэнтам, і Лукашэнка таксама ў той час. Яны і тады сустракаліся. Так што і сёньняшняя сустрэча выглядае лягічнай. Нічога новага я тут не заўважаю».
«Фармальнай» называе сустрэчу Лукашэнкі і Кучмы доктар паліталягічных навук Павал Вусаў:
«Бо Кучма не адыгрывае вялікай ролі ў тых працэсах, якія цяпер адбываюцца ва Ўкраіне. Ён быў прапанаваны як нэўтральная фігура. Бо мы ведаем, што Масква не прызнае да сёньняшняга дня ўладаў у Кіеве. Для іх яны „хунта“, „фашысты“. І таму Маскве нібыта няма з кім весьці перамовы.
А Кучма выступае ў гэтай сытуацыі ў ролі фармальна легітымнага прэзыдэнта. Але калі паглядзець на сьпіс удзельнікаў сёньняшніх перамоваў, то бачна, што ніводная фігура тут не ключавая і ня можа прымаць сур’ёзныя рашэньні. Гэта ўсё другасныя, а такія, як Зурабаў, — і яшчэ меншыя фігуры. Зурабаў — гэта нават не міністар замежных спраў Расеі, а Кучма не займае ніякіх сур’ёзных дзяржаўных пасадаў».
Павал Вусаў наагул не чакае прынцыповых рашэньняў ад сёньняшняй трохбаковай сустрэчы. На думку палітоляга, толькі Лукашэнка атрымае ад яе іміджавыя выгады:
«Бо няма жаданьня, найперш з боку Масквы, скончыць гэты канфлікт і пакінуць Украіну ў спакоі. Я думаю, што гэты перамоўны працэс зацягнецца. А Беларусь прыдбае іміджавыя плюсы на міжнароднай арэне, паказваючы, што яна не зусім зацікаўленая ў тым, каб Расея разгортвала тут свае імпэрскія пляны і пашыралася за кошт іншых дзяржаваў».
А вось Леанід Кучма спадзяецца на міратворчую ролю Менску. Перад ад’ездам на трохбаковую сустрэчу ён сказаў Аляксандру Лукашэнку:
«Падзеі апошніх месяцаў ствараюць больш пытаньняў, чым адказаў. А адказаў, на жаль, няма дагэтуль. І мы ў пэўнай меры па адказы прыехалі сюды. З вашай і Божай дапамогай будзем старацца іх знаходзіць».
Як сёньня паведаміў Інтэрфакс-Захад, са спасылкай на крыніцу ў кантактнай групе, сустрэча прадстаўнікоў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік з дэлегацыяй украінскага боку плянуецца на 1 жніўня ў Менску.
«Гэта ня будуць кансультацыі па мірнаму ўрэгуляваньню. Там мяркуецца вельмі вузкае кола пытаньняў. Хутчэй, гэта можна назваць сустрэчай прадстаўнікоў самаабвешчаных рэспублік з украінскім бокам», сказаў суразмоўца Інтэрфаксу.
Ён таксама паведаміў, што сустрэча пройдзе ва ўсечаным фармаце.
"Мяркуецца, што колькасьць удзельнікаў будзе значна меней, чым на кансультацыях, якія раней праходзілі ў Данецку. Ці будзе ўдзельнічаць у сустрэчы экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, пакуль невядома",— сказала крыніца.