Адна зь нешматлікіх жанчын у беларускай апазыцыі, кіраўніца грамадзянскай ініцыятывы «Наш дом» Вольга Карач ня першы месяц шакуе сацыяльныя сеткі неадназначнымі фатасэсіямі. Сама Вольга кажа, што хоча зьвярнуць увагу грамадзтва на дыскрымінацыю жанчын у Беларусі.
Фатасэсіі, кажа яна, не патрабуюць аніякіх выдаткаў. Макіяж і вобраз ствараюць паплечніцы па барацьбе, а фатаздымкі робяць «знаёмыя фатографы».
У межах кампаніі за скасаваньне сьпісу прафэсіяў, забароненых для беларускіх жанчын, Вольга Карач сфатаграфавалася ў ролях авіяцыйнага мэханіка, мантажніка горнага абсталяваньня, лесаруба, машыніста экскаватара, дальнабойшчыка, вадалаза, кіроўцы аўтобуса.
Гледзячы на фота Вольгі ў розных вобразах, можна падумаць, што гламурная дзіва пры поўным макіяжы і з вытанчанай фрызурай як у Марлен Дытрых можа без праблемаў выконваць працы, якія традыцыйна ў беларускім грамадзтве лічацца мужчынскімі.
Актывістка не адмаўляе, што гэта — наўмысная правакацыя, каб прымусіць задумацца пра ролю жанчыны ў грамадзтве.
«Калі глядзіш на такую бляндынку з чырвонай памадай, то адразу складаецца ўражаньне, што ў такой жанчыны вельмі простае і шчасьлівае жыцьцё. Гэта такая сьвецкая львіца, якая п’е шампанскае на паказах моды і адпачывае на Канарах, — распавядае лідэрка кампаніі „Наш дом“. — Але калі нават узяць дэмакратычную супольнасьць, то выявіцца, што стаяць у пікетах жанчыны, подпісы зьбіраюць жанчыны, улёткі распаўсюджваюць жанчыны, у назіраньні падчас выбараў сядзяць жанчыны. Калі ж браць топавы ўзровень палітыкі, то там колькасьць жанчын зьмяншаецца да двух-трох працэнтаў».
|
|
|
|
Ідэя кампаніі, каб скасаваць сьпіс забароненых прафэсіяў «252+1», нарадзілася 7 сакавіка 2013 году. З таго часу сьпіс скараціўся — цяпер у ім 186 прафэсіяў. Аднак стратэгічная мэта — дамагчыся, каб гэты сьпіс быў скасаваны цалкам.
Складанасьць, паводле Вольгі, у тым, што беларуская дзяржава разглядае жанчыну выключна як маці, не зважаючы на яе грамадзянскую функцыю і жаданьні. Адсюль і абмежаваньні.
Кампанія ня ставіць на мэце зрабіць усіх жанчын Беларусі ва ўзросьце ад 18 да 55 гадоў шахцёрамі. Вольгу турбуе тое, што жанчына павінна мець права быць шахцёрам.
«Чаму дзяржава вырашае, кім можа працаваць жанчына, колькі ёй трэба мець дзяцей і калі выходзіць замуж? — задае пытаньні актывістка. — Мы павінны адваяваць у дзяржавы права вырашаць, што нам рабіць са сваімі жыцьцямі».
Паводле Вольгі, у сьпісе шмат абсурдных забаронаў.
«Напрыклад, у Беларусі жанчынам забаронена працаваць на вышыні больш за 1,3 мэтра, — кажа яна. — У той жа час, напрыклад, мая маці ўсё жыцьцё прапрацавала кухарам у дзіцячым садку і ўсё жыцьцё цягала зь месца на месца катлы такога памеру, што ў іх маглі некалькі дарослых чалавек схавацца. Атрымліваецца, што калі прафэсія кухара дазволеная, то на ўмовы, у якіх працуе жанчына, усе закрываюць вочы. Маўляў, так і павінна быць. А пра тое, што амаль увесь сьпіс забароненых прафэсіяў — гэта заняткі, якія вельмі добра аплочваюцца, ня кажуць!»
«Выходзіць, што жанчына, якая хоча атрымліваць высокі заробак, працуючы кіроўцам міжнароднага аўтобуса ці фуры, ня можа гэтага зрабіць, — абураецца Вольга. — Таксама цалкам магчыма ўявіць сытуацыю, калі жанчына ў 40 гадоў ужо ня хоча мець дзяцей, бо яны ў яе ўжо ёсьць. Але, застаючыся маладой і моцнай фізычна, яна ня можа працаваць тым, кім хоча. Я ўжо не кажу пра тое, што ёсьць жанчыны рознага ўзросту, якія ўвогуле не жадаюць мець дзяцей і выходзіць замуж».
Фатаздымкі, якія Вольга Карач называе «матыватарамі», робяць яе знаёмыя, прафэсійныя фатографы, таму гэта не вымагае ніякага фінансаваньня. Усё іншае — ад распрацоўкі ідэі да макіяжу — робяць бясплатна чальцы «Адлігі», часам з дапамогай людзей, якія ня супраць дапамагчы.
«Дзень сыходзіць на мазгавы штурм — выпрацоўваецца ідэя чарговага „матыватара“. Прафэсійныя фатаздымкі робяць бясплатна мае знаёмыя. Касмэтыка і фэн ёсьць у кожнай жанчыны. Што да дэкарацыяў, то „Камаз“, аўтобус і строй вадалаза далі ў бясплатную арэнду літоўскія прадпрымальнікі, проста таму, што наша ідэя падалася ім прыкольнай. Часам людзі мне кажуць, каб я зьмяніла піяршчыка. Але ў мяне яго папросту няма. Увесь праект — супольная праца. Піяршчыкі раней былі, але не прыжыліся».
У другой частцы назвы кампаніі «+1» закладзены дадатковы сэнс. Гэта прафэсія топ-палітыка, прэзыдэнта краіны. Фармальна жанчыне не забаронена займаць такую пасаду. Але, лічыць Вольга, беларускае грамадзтва не гатовае прызнаць прэзыдэнта-жанчыну.
Таму пакуль Вольга змагаецца толькі за тое, каб жанчын у беларускай палітыцы станавілася больш. Сама ж на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году кандыдаваць не зьбіраецца.
«Цяпер ёсьць вялікая праблема што да 2015 году, і пакуль яна для мяне невырашальная. Гэта пытаньне ня толькі майго кандыдацтва, але і кандыдацтва любога іншага дэмакратычнага палітыка. Апошнія сацыялягічныя дасьледаваньні кажуць пра вельмі вялікі давер беларусаў да расейскіх мэдыяў. Відаць, што калі б расейскія танкі прыйшлі ў Беларусь, то беларусы б сустракалі іх з кветкамі і верылі б, што іх бароняць ад фашыстаў. Я лічу, што пакуль Масква кантралюе мазгі нашых грамадзянаў, шмат якія перамены ў Беларусі немагчымыя. Таму працуем на будучыню».
Радыё Свабода спыталася, што думае пра кампанію «252+1» экспэрт у палітычнай камунікацыі Тацяна Чуліцкая. Тая адзначыла, што Вольга Карач, эксплюатуючы скандальны вобраз «сьвецкай ільвіцы», прыцягвае ўвагу найперш да сваёй асобы, а не да праблемы, якую спрабуе вырашаць. Разам з тым Тацяна Чуліцкая лічыць, што кампанія такога кшталту сапраўды можа рабіцца без прыцягненьня адмысловых сродкаў, а выключна за кошт часу і здольнасьцяў паплечнікаў Вольгі Карач.
«Для Беларусі жанчына-лідэрка — гэта станоўчы вобраз. Але калі ён выкарыстоўваецца так, як гэта робіць Вольга, зьяўляецца супярэчнасьць. З аднаго боку, Вольга стварае вобраз у адпаведнасьці з тым, як гэта раяць у падручніках па піяры, робіць гэта, можа, нават трошкі абсурдна. А зь іншага боку, гэты вобраз выклікае хутчэй скандал, чым абмеркаваньне ўзьнятай тэмы — забароненага сьпісу прафэсіяў. Калі казаць пра прыцягваньне ўвагі, то такі вобраз працуе. Але калі мы хочам, каб вобраз прыцягваў увагу да палітычных і грамадзкіх праблемаў, — то гэта пытаньне. Вобраз, які выклікае цэлую гаму эмоцыяў, скіраваны на абмеркаваньне пэрсаналіяў, а не палітычнай плятформы. Я магу сказаць, што гэта праблема шматлікіх маладых беларускіх палітыкаў, калі яны больш „сэлебрыціс“, чым сапраўдныя палітычныя дзеячы, якія могуць прадукаваць каштоўныя для грамадзтва меркаваньні», — мяркуе Тацяна Чуліцкая.