Кіраўнікі краінаў «вялікай сямёркі» сёньня выступілі з супольнай заявай пра іх узгодненую палітыку адносна Расеі і Ўкраіны. У заяве сьцьвярджаецца, што ў залежнасьці ад паводзінаў Расеі, санкцыі могуць быць зьнятыя або ўзмоцненыя.
«Мы, лідэры Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, Вялікабрытаніі, ЗША, прэзыдэнт Эўрапейскай Рады і прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі, аб’ядналіся, каб выказаць нашу глыбокую заклапочанасьць працягам дзеяньняў Расеі па падрыве сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці Ўкраіны. Мы чарговы раз асуджаем незаконную анэксію Расеяй Крыму і дзеяньні па дэстабілізацыі ўсходняй Украіны. Яны зьяўляюцца непрымальнымі і парушаюць міжнароднае права.
Мы асуджаем зьнішчэньне малайзійскага самалёту, якое прывяло да гібелі 298 мірных людзей. Мы патрабуем хутчэйшага, поўнага, бесперашкоднага і празрыстага міжнароднага расьследаваньня. Мы заклікаем ўсе бакі стварыць, падтрымліваць і цалкам забясьпечыць спыненьне агню вакол месца катастрофы, як гэтага патрабуе рэзалюцыя 2166 Рады Бясьпекі ААН, каб сьледчыя змаглі пачаць сваю працу, знайсьці астанкі ўсіх ахвяраў і іх асабістыя рэчы. Гэта жудаснае падзея павінна стаць пераломнай у гэтым канфлікце з тым, каб Расея спыніла сваю падтрымку незаконных узброеных фармаваньняў ва Ўкраіне, забясьпечыла бясьпеку мяжы з Украінай і спыніла паток зброі, абсталяваньня і ваяўнікоў праз мяжу з мэтай дасягненьня хуткай і адчувальнай дээскаляцыі.
На жаль, аднак, Расія не зьмяніла курс. На гэтым тыдні мы абвясьцілі аб дадатковых скаардынаваных санкцыях у дачыненьні да Расеі, у тым ліку, санкцыях у дачыненьні да канкрэтных кампаній, якія працуюць у ключавых сэктарах расейскай эканомікі. Мы лічым неабходным прадэманстраваць расейскаму кіраўніцтву, што яно павінна спыніць сваю падтрымку сэпаратыстаў ва Ўсходняй Украіне і ўзяць удзел у стварэньні неабходных умоў для палітычнага працэсу».
Мы заклікаем да мірнага ўрэгуляваньня крызісу ва Ўкраіне і падкрэсьліваем неабходнасьць ажыцьцяўленьня мірнага пляну прэзыдэнта Парашэнкі без далейшага прамаруджаньня. З гэтай мэтай мы заклікаем ўсе бакі да хуткага, сапраўднага і ўстойлівага спыненьня агню на аснове Бэрлінскай дэклярацыі ад 2 ліпеня з мэтай захаваньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Мы заклікаем Расею выкарыстаць свой уплыў на сэпаратысцкія групы і забясьпечыць эфэктыўны памежны кантроль, у тым ліку, з дапамогай назіральнікаў АБСЭ. Мы падтрымліваем АБСЭ і трохбаковую кантактную групу ў якасьці цэнтральных гульцоў, здольных стварыць умовы для перамір’я.
У Расеі да гэтага часу застаецца шанец стаць на шлях дээскаляцыя, які б прывёў да зьняцьця санкцый. Аднак калі Расія ня зробіць гэтага, мы гатовыя павялічыць цану, якую яна заплаціць за свае дзеяньні".