Такую інфармацыю паведаміў агенцтву БелаПАН прэс-сакратар Спэцыяльнай назіральнай місіі АБСЭ ва Ўкраіне Майкл Бацюркіў.
Плянуецца, што ў сустрэчы прымуць удзел другі прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў і прадстаўнік АБСЭ.
Візыт Міхаіла Зурабава ў Менск раней пацьвердзіла пасольства Расеі ў Беларусі.
Прэс-служба беларускага МЗС сытуацыю не камэнтуе і не паведамляе месца і час правядзеньня сустрэчы.
Расея ўхваліла гатоўнасьць Беларусі правесьці ў Менску кансультацыі па ўкраінскім крызісе. Пра гэта 30 ліпеня ў сталіцы Таджыкістана Душанбэ заявіў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў.
29 ліпеня Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся зрабіць Менск пляцоўкай для перамоваў па вырашэньні ўкраінскага крызісу. Як паведаміла прэс-служба беларускага прэзыдэнта, з такой прапановай да кіраўніка Беларусі зьвярнуўся па тэлефоне прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.
Удзел прадстаўнікоў сэпаратысцкіх груповак заплянаваны ў паседжаньні трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.