Вянок памяці: Уладзімер Дашук

Уладзімер Дашук

У ноч на 30 ліпеня пайшоў з жыцьця беларускі кінарэжысэр Уладзімер Дашук.

Ня вытрымала сэрца.

Уладзімера Дашука пахаваюць у вёсцы Пярэжар Пухавіцкага раёну — гэта родная вёска ягонай маці.

Разьвітаньне адбудзецца 31 ліпеня ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёну.

Віктар Асьлюк

Кінарэжысэр Віктар Асьлюк заявіў Радыё Свабода: «Перад сьмерцю ўсялякая творчасьць становіцца на другое месца. Шкада — 50 гадоў... Вова мала здымаў. Фактычна ў яго была паўза 20 гадоў. І толькі за 2 апошнія гады ён зрабіў некалькі фільмаў».

«Гэта быў адзін з найцікавейшых рэжысэраў свайго пакаленьня. Ён першы адкрыў хвалю кіно, якая зьвярталася да тых бакоў жыцьця, якіх раней кінэматограф пазьбягаў. Уладзімер Дашук рабіў гэта высокапрафэсійна, — кажа знаўца беларускага дакумэнтальнага кіно Галіна Шур. — Можна прыгадаць ягоныя фільмы „Жарсьць“ і „Партрэт зь сякерай“. Гэта былі першыя спробы пранікнуць у тое, што мы называем мэнталітэтам сучаснага чалавека. Стужка „Партрэт зь сякерай“ — ад імя свайго пакаленьня ён спрабаваў зразумець духоўныя вытокі, якіх трымаюцца людзі старэйшага веку. Я памятаю ягоны фільм „Калыска гойдаецца над безданьню“. Ён спрабаваў зразумець сьмерць як зьяву: як нам ставіцца да гэтага? Ён тады яшчэ быў вельмі малады. Але гэтая тэма яго цікавіла. У кожнай ягонай карціне былі адвечныя пытаньні».

Галіна Шур адзначае: «Уладзімер Дашук быў вельмі неардынарнай асобай. Замены яму сярод маладога пакаленьня я ня бачу».

Аднакурсьнік Уладзімера Дашука Сяргей Дубавец:

Сяргей Дубавец

«Мы бачыліся зусім нядаўна, на пачатку лета ў Строчыцах на сустрэчы выпускнікоў нашага курсу. Мы скакалі полечку з нашымі дзяўчатамі. Валодзя не скакаў і толькі назіраў за намі. Хоць, здавалася, ён амаль не зьмяніўся са студэнцкіх часоў. Ён быў вельмі стрыманы. Мне ягонае аблічча прыходзіць на розум кожны раз, калі ўдумваюся ў слова „дзяцюк“. Вось да такіх і зьвяртаўся ў сваіх праклямацыях Каліноўскі. Валодзя Дашук быў дзецюком (незалежна ад шлюбаў, дзяцей, узросту). Такі маруднаваты ў рухах, разважлівы маладзён, унутрана заўсёды гатовы да мабілізацыі. Такім ён быў у студэнцкія гады, такім я яго пабачыў на пачатку лета, такім ён застаўся назаўсёды».

Аднакурсьнік Уладзімера Дашука Сяргей Навумчык:

Сяргей Навумчык

Вестка пра сьмерць Валодзі мяне агалошыла, бо ўжо ў каго з нашага курсу было жалезнае здароў'е – дык гэта ў Дашука. Так мне заўсёды здавалася. Валодзя для мяне – сябар юнацтва, і я проста не магу абстрагавацца ад чыста асабістых біяграфічных успамінаў і гаварыць пра яго толькі як пра рэжысёра. Валодзя быў вельмі надзейным сябрам, увогуле надзейным чалавекам, для яго такія паняцьці, як «гонар» ці «дадзенае слова» - былі асноўнымі. Ён будаваў на гэтым жыцьцё. Тут, канешне, паўплывала бацькоўскае выхаваньне.

Сьвятлана Навумчык, Уладзімер Дашук, Сяргей Навумчык. Віцебск, 1980 год.

Мы зь ім пасябравалі ў першы дзень знаёмства, яшчэ на першым курсе журфаку, разам былі на «бульбе» у Клімавіцкім раёне, у будатрадзе ў Карэліі. Пяць​ гадоў на журфаку правялі разам, у нас была адна кампанія. Разам рыхтаваліся да экзамэнаў – ці ў мяне ў інтэрнаце, ці ў яго, ён тады жыў з бацькамі ў Зялёным Лузе. Але рабіць гэта было цяжка, бо адразу пераключаліся на размовы «пра жыцьцё». Канешне, як гэта бывае, зь цягам часу ў кожнага зьявіліся свае інтарэсы, пасьля ўнівэрсытэту мы сустракаліся радзей, але кожны раз, як гэта бывае зь сябрамі юнацтва, гаварылі гадзінамі. Недзе годзе ў 87-ым ён прыехаў да мяне ў Віцебск на некалькі дзён – каб адключыцца ад сталічнай валтузьні і напісаць сцэнар пра Чарнобыль. Мы тады прагаварылі некалькі начэй. Я ўпершыню (бо толькі нядаўна вярнуўся з войска) пачуў пра тое, што робіцца ў чарнобыльскіх раёнах, Валодзя туды езьдзіў і быў калі ня першым, дык адным зь першых, хто зафіксаваў тую праўду на кінастужку. А праз два гады, калі я пераехаў у Менск, некалькі тыдняў жыў у ягонай кватэры ва Ўруччы. Тыя ягоныя фільмы, якія я бачыў – безумоўна, уражваюць. Вельмі шкада, што іх так мала – але зусім не па ягонай віне. Пры ўсім сваім сапраўды моцным характары – Валодзя, як мне падаецца, не жадаў марнаваць час на змаганьне з чынавенскім дэбілізмам і, пэўна ж, меў на гэта права. Але шкада, што яго талент не рэалізаваўся ў поўную сілу – як гэта магло б быць пры іншых умовах».


Уладзімер Дашук


Нарадзіўся ў 1962 годзе.

У 1984 скончыў факультэт журналістыкі БДУ.

Спэцыяльнасьць: рэжысэр, сцэнарыст, журналіст.

З 1983 пачаў працу на кінастудыі «Беларусьфільм» асыстэнтам рэжысэра.

Рэжысэрскім дэбютам стаў дакумэнтальны фільм «Партрэт зь сякерай» пра нацыянальнага скульптара з далёкай беларускай глыбінкі.

У 1990 уступіў у Саюз кінэматаграфістаў.

За час працы на кінастудыі здымаў дакумэнтальныя і публіцыстычныя мастацкія фільмы паводле ўласных сцэнароў.

У 1992 заснаваў студыю відэафільмаў «Знаменьне».

У 1994 заснаваў рэклямнае агенцтва «Ніць Арыядны». З тых часоў зьняў больш за сорак рэклямных кліпаў і прэзэнтацыйных фільмаў.

Фільмаграфія:

«Партрэт зь сякерай», «Грэх» (абодва — 1987);

«Калі-небудзь», «Пэйзаж пасьля бітвы» (абодва — 1989);

«Калыска гойдаецца над безданьню» (1990);

«Форс-мажор», «Ратуйце нашы душы» (1992);

«Мы ўсё ж такі ёсьць» (1995);

«Жарсьць» (2009) — прыз за лепшую рэжысэрскую працу ў Беларусі.

Аўтар і суаўтар сцэнароў уласных фільмаў.

«Жарсьць» Уладзімера Дашука

У 2012-м фільм Уладзімера Дашука «Жарсьць» трапіў у сьпісы забароненых да паказу стужак. Паведамленьне пра гэта апублікаваў афіцыйны сайт Міністэрства культуры Беларусі.

Сам Уладзімер Дашук тады распавёў, што калі ў 2009 годзе адбывалася прыёмка фільму, адмысловай камісіі Дэпартамэнту кінэматаграфіі Міністэрства культуры падаўся парнаграфічным эпізод, у якім «40-гадовыя мужыкі, якія палявалі пад вадой, выбраліся з вады і проста ўночы ў лесе пад імправізаваным душам (шлянг павесілі на дрэва) абмываюцца. І ў кадры бачны азадак». Тады, паводле словаў Дашука, было нават заключэньне камісіі аб прызнаньні фільма парнаграфічным.

Камісія запатрабавала выдаліць гэты эпізод, што рэжысэр і зрабіў. Пасьля гэтага фільм прынялі, і ён нават атрымаў прэмію за лепшую рэжысёрскую працу году.


«Жарсьць», 2009