Нафтавая мафія застаецца, бо застаюцца старыя схемы, — Яраслаў Раманчук

Незалежны экспэрт, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук гэтак пракамэнтаваў арышты мэнэджэраў «Нафтану», пра якія 30 ліпеня паведаміў Сьледчы камітэт:

«Нафтамафія ніколі зь Беларусі нікуды не зьнікала. Гэтыя арышты, безумоўна, давядуць да ліквідацыі структураў, якія існуюць у дадзеным бізнэсе апошнія 10 гадоў. Паколькі ў нас адзін чалавек, адзін акцыянэр усім гэтым загадвае, ён проста праводзіць ратацыю кадраў па кіраўніцтве гэтым бізнэсам. Жыліна вось адсунуў ад працы, цяпер вось гэтых мэнэджэраў адсуне ад працы. Схемы, якія даводзяць да карупцыі, застануцца, а тыя людзі, якія проста выканаўцы, мусяць заплаціць сваю цану. Яны 10 гадоў працавалі, напрацавалі сабе, магчыма, мільёны даляраў, а цяпер прыйшоў час разьлічвацца. І некаторыя зь іх будуць разьлічвацца сваёй свабодай».

Карэспандэнт: «Вы маглі б удакладніць, што за схемы, пра якія вы кажаце?»

«Калі Расея пастаўляе нам нафту мінімум у два разы таньней, то ёсьць схемы — прыкладам, атрыманьне падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ) з расейскага і зь беларускага бюджэту, калі можна, прыкладам, на распушчальніках і разбаўляльніках таксама зрабіць бізнэс. А ў 2015 годзе таксама адкрыецца магчымасьць рэалізацыі новых схемаў, бо з паловы нафты, што будзе прадавацца Беларусі, беларусы будуць вырабляць нафтапрадукты і аддаваць Расеі мыта. Гэта вельмі прыбытковыя схемы, і дзяліцца зь іншымі трэба будзе вельмі і вельмі асьцярожна».