«Але адной сустрэчы будзе недастаткова», — лічыць кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў.
Так Крэмль успрыняў гатовасьць Аляксандра Лукашэнкі прапанаваць Беларусь як пляцоўку для перамоваў кантактнай групы Ўкраіна — Расея — АБСЭ па вырашэньні крызісу ва ўсходняй Ўкраіне.
«Мы нязьменна выступаем за перамовы, мы вітаем любую магчымасьць, якая для гэтага зьяўляецца, і ў гэтым сэнсе мы, вядома, цэнім прапанову Беларусі», — сказаў Лаўроў на прэсавай канфэрэнцыі ў Душанбэ.
«Мы будзе вітаць кантакты і дзякуем нашым беларускім калегам за тое, што яны дапамагаюць украінцам ўсё ж такі сесьці за стол перамоваў», — дадаў міністар.
29 ліпеня позна ўвечары на сайце беларускага прэзыдэнта зьявілася інфармацыя пра тэлефонную размову Пятра Парашэнкі і Аляксандра Лукашэнкі.
«Прэзыдэнт Украіны зьвярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасьці пляцоўкі для правядзеньня перамоваў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэньні ўкраінскага крызісу. Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся з гэтай ініцыятывай», — паведамілі БелТА ў прэсавай службе кіраўніка Беларусі.
Пятро Парашэнка падчас сустрэчы з украінскімі вайскоўцамі, вызваленымі з палону сэпаратыстаў, паведаміў, што зьвярнуўся да прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з просьбай паспрыяць правядзеньню ў Менску 31 ліпеня пасяджэньня трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе з удзелам другога прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы, пасла Расеі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЭ.