Як пражыць на «мінімум»

Your browser doesn’t support HTML5

У Беларусі з 1 жніўня будзе вызначаны новы пражытковы мінімум — 1 мільён 343 тысячы 420 беларускіх рублёў. Ці магчыма пражыць на гэтую суму? Чым трэба харчавацца, каб выжыць?

Юначка: «Пражыць за гэтыя грошы нельга. Заплаціць за жыльлё (а калі ты наймаеш у Менску кватэру, то гэта вельмі дорага), купіць лекі, апрануцца. Папраўдзе кажучы, ня ведаю, чым трэба харчавацца, каб укласьціся ў гэтыя грошы».

Юнак: «Ну, ня ведаю — пэўна, малако якое таннае і хлеб. Зразумела ж, што на гэтыя грошы не пражывеш».

Карэспандэнтка: «Што думаеце пра гэта?»

Юнак: «Ну што я думаю... Думаю гэтаксама, як і ўсе, ужо шмат-шмат гадоў».

Жанчына: «За такія грошы пражыць нельга, калі набыць лекі і заплаціць за жыльлё. На харчаваньне застаецца толькі вада з-пад крана, пэўна».

Мужчына: «Заходжу ў краму, стаіць бабуля — ногі дрыжаць, рукі дрыжаць — купіла хлеба, а на малако не хапае. Я дадаў — дзякаваць Богу, ёсьць у мяне грошы. А яшчэ ж трэба за кватэру заплаціць — няхай урад паспрабуе пражыць. Усе цудоўна разумеюць, што за гэтыя грошы ніхто ня здолее пражыць у гэтым жыцьці».

Жанчына: «Хто будзе есьці хлеб і ваду, то хопіць. А хто захоча яшчэ і гародніны з садавіной, то гэтых грошай вельмі мала».

Мужчына: «Канечне, гэты мінімум вельмі малы і абсалютна зьдзеклівы. Ну што рабіць, калі ў нас бедная краіна і няма сродкаў, каб зрабіць вышэйшы пражытковы мінімум? Гэтае пытаньне цягне за сабой шэраг іншых: трэба зьмены ў эканоміцы, трэба ісьці наперад і выходзіць з той сацыялістычнай рэчаіснасьці, у якой мы жывём».

Жанчына: «Каб жыць здарова, то за гэтыя грошы не пражывеш. Хіба толькі калі есьці адзін хлеб з бульбай».

Юнак: «Няхай урад пакіне сваю сталоўку, у якой ён харчуецца, і сходзіць у звычайную — паглядзіць, якія там кошты. Бо я чуў, што ў іх ёсьць свая сталоўка, дзе кошты зусім іншыя. І няхай заробкі сабе возьмуць іншыя — гэты ж самы мільён з тысячамі сабе за аклад, няхай зробяць экспэрымэнт — і няхай пражывуць і пахарчуюцца. Бо калі кажуць, што ў нас сярэдні заробак 8 мільёнаў, то мне проста сьмешна робіцца».

Жанчына: «Нельга на гэтыя грошы пражыць. Ня самы дарагі праязны — 200 тысяч, квартплата — каля мільёна. Вось і лічыце, ці можна за гэтыя грошы пражыць. Хіба — ня езьдзіць на працу, піць ваду, то, магчыма, можна і пражыць».

Карэспандэнтка: «Што вы пра гэта думаеце?»

Жанчына: «Ну што я думаю — у мяне аклад два васямсот, працую выкладчыцай, і я думаю, што я жабрачка».