Уладальнікаў пазбавілі права гандляваць кнігамі. Такі ж лёс напаткаў і іншыя ўстановы, якія месьцяцца па адрасе вул. Валгаградзкая, 6. Ня так даўно ў кнігарні запрацавала літаратурная кавярня.
Кнігавыдавец і стваральнік «Галіяфаў» Зьміцер Вішнёў распавёў Радыё Свабода, што ўстанова цяпер перажывае самы цяжкі час, бо ў яе застаюцца абавязкі перад шэрагам іншых выдаўцоў. Частка супрацоўнікаў мусіла пайсьці ў адпачынак за свой кошт. Разам з тым Зьміцер Вішнёў спадзяецца, што да верасьня праблема вырашыцца і кавярня-кнігарня зноў адчыніць свае дзьверы пакупнікам:
«Сытуацыя вельмі сумная. Прапрацаваўшы чатыры месяцы, мы атрымалі афіцыйнае паведамленьне, што ў нас адкліканая магчымасьць гандлю. Такі ж самы лёс напаткаў і нашых суседзяў па будынку. Уласьнік памяшканьня паведаміў, што ў дачыненьні да яго пачаў дзейнічаць новы закон, паводле якога гэты будынак не прыдатны для гандлю. Гэта фармальная праблема, якая ўзьнікла. Не хацелася б паўтараць лёс „АртСядзібы“ і хацелася б, каб гэтая прастора дзейнічала. Наш офіс застаецца ў гэтым памяшканьні, застаецца выстава, але ад 28 ліпеня набываць кнігі ў нас ужо нельга. Пакуль мы спадзяемся на станоўчае вырашэньне праблемы, і нават не шукаем новага памяшканьня. Хоць да нас, вядома, даходзяць розныя неафіцыйныя чуткі, якія б не хацелася зараз агучваць».
Зьміцер Вішнёў сказаў, што цяпер, пакуль гандляваць у самой кнігарні немагчыма, набываць кнігі выдавецтва можна ў іншых кропках:
«Нашы кнігі са зьніжкамі можна набываць у менскім выставачным цэнтры «БелЭкспа» на вуліцы Янкі Купалы, а таксама па ўсёй Беларусі ў іншых кнігарнях сыстэмы «БелКніга».
Нягледзячы на тое, што ўскосна гандаль кнігамі выдавецтва працягваецца, у матэрыяльным пляне перад кнігавыдаўцамі паўстала шмат праблемаў:
«Зразумела, што гэтыя пэртурбацыі моцна перашкаджаюць працы выдавецтва. У нас ёсьць пэўныя абавязкі перад іншымі выдавецтвамі, перад гандлярамі, перад нашымі супрацоўнікамі. Цяжка ацаніць матэрыяльныя страты, назваўшы лічбу. Але гэты месяц для нас самы цяжкі. Усё ж былі ўкладзеныя немалыя для маленькага выдавецтва грошы ў рамонт кнігарні. І калі гэтая прастора не працуе, нам гэта ідзе ў мінус. Зараз частка нашых супрацоўнікаў ідзе ў адпачынак за свой кошт на месяц. І мы будзем спадзявацца, што да верасьня сытуацыя нейкім чынам вырашыцца. Толькі тады будзем прымаць рашэньне пра пошукі новага памяшканьня. Пакуль будзем старацца выдаваць кнігі, як і раней».