Фэдэральная служба вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду Расеі («Рассельгаснагляд») з 1 жніўня ўводзіць абмежаваньні на ўвоз на тэрыторыю РФ гародніны і садавіны з Польшчы.
Пра гэта паведаміў памочнік кіраўніка ведамства Аляксей Аляксеенка:
«Мы прынялі рашэньне аб увядзеньні абмежаваньняў на ўвоз у РФ практычна ўсёй гародніны і садавіны з Польшчы. Яны зьвязаныя з неаднаразовымі парушэньнямі сэртыфікацыі і выяўленьнем карантынных аб’ектаў».
Раней Аляксеенка паведамляў, што на гэтым тыдні можа быць прынятае рашэньне аб забароне ўвозу капусты з Польшчы — таксама з-за карантынных шкоднікаў.
Раней «Рассельгаснагляд» і «Расспажыўнагляд» з пачатку году ўзмацнілі ціск на ўкраінскіх пастаўшчыкоў прадуктаў харчаваньня. На сёньняшні дзень у РФ забаронены ўвоз ўкраінскай сьвініны і прадуктаў зь яе, бульбы, а таксама істотна абмежаваныя пастаўкі кандытарскіх вырабаў і мяса птушкі.
Таксама «Рассельгаснагляд» з 28 ліпеня ўводзіць поўную забарону на пастаўкі ў РФ малочнай прадукцыі з Украіны.
28 ліпеня Фэдэральная служба нагляду ў сферы абароны правоў спажыўцоў і дабрабыту чалавека («Расспажыўнагляд») забараніла з 29 ліпеня ўвоз ўкраінскай плодаагародніннай прадукцыі і рыбных кансерваў.