«У Кіева досыць вайскоўцаў, каб стабілізаваць сытуацыю на Ўсходзе, але не для таго, каб дасягнуць прарыву»

Аналіз ваеннай сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны прапануюць журналісты брытанскай The Financial Times Сэм Джонс і Гай Чэйзан.

Крушэньне самалёту MH-17 прыцягнула ўвагу да складанасьці і агнявой моцы баявога арсэналу ўкраінскіх ваеўнікоў, але зацямніла больш маштабную зьяву — тое, што набліжаецца ваенная параза прарасейскіх сэпаратыстаў.

Украінская армія ў выніку наступу, які працягваецца месяц, адціснула сілы ваеўнікоў да галоўных гарадоў Данецкай і Луганскай абласьцей, і вось-вось наступіць пераломны момант.

У той час як у рамках першага этапу кампаніі былі вернутыя пераважна вясковыя тэрыторыі, самая цяжкая праца пакінутая на потым. Галоўная задача другога этапу — адрэзаць паўстанцаў ад магутных патокаў усё больш складанай зброі, якую пастаўляе Расея.

Выкарыстоўваючы тры асобныя брыгады, дысьлякаваныя на поўдзень ад Данецку, Кіеў заняў ключавыя КПП, такія як Далжанскі, якія былі асноўнымі пунктамі транзіту ваеннага абсталяваньня і зброі з Расеі. Зараз Кіеў кантралюе ўсе тэрыторыі ўздоўж мяжы аж да Краснапартызанску.

Задачай украінцаў было ўсталяваць 5-кілямэтровую буфэрную зону ўздоўж мяжы, але цяпер ім неабходная 30-кілямэтровая зона, калі яны хочуць выйсьці за межы радыюсу дзеяньня расейскіх ракетных абстрэлаў

Аднак утрыманьне такой тэрыторыі стала дарагой і складанай справай, паколькі Расея пачала ўжываць ракетную артылерыю для абстрэлу ўкраінскіх пазыцый уздоўж мяжы са сваёй тэрыторыі. Пра гэта ў нядзелю паведамілі прадстаўнікі амэрыканскай выведкі.

«Задачай украінцаў было ўсталяваць 5-кілямэтровую буфэрную зону ўздоўж мяжы, але цяпер ім неабходная 30-кілямэтровая зона, калі яны хочуць выйсьці за межы радыюсу дзеяньня расейскіх ракетных абстрэлаў, — лічыць Ігар Суцягін, расейскі ваенны экспэрт з Каралеўскага аб’яднанага інстытуту абаронных дасьледаваньняў у Лёндане. — Калі вы хочаце гэта зрабіць, то вам давядзецца змагацца ў гарадах, а гэта вельмі складана».

«Украінскім ваенным было нескладана змагацца ў стэпу. Там у іх была перавага, — адзначае Суцягін. — Але, як толькі яны апынуцца ў гарадах, гэта будзе жудасна».

«Прарыў наступіць толькі тады, калі Расея спыніць пастаўкі зброі, грошай і людзей ваеўнікам, а я мяркую, што гэтага не адбудзецца ў бліжэйшай будучыні», — сьцьвярджае Аляксей Мельнік з кіеўскага Цэнтру Разумкова. Паказальна тое, што на мінулым тыдні ўкраінскія заканадаўцы ўхвалілі трэцюю хвалю агульнанацыянальнай мабілізацыі, кажа Мельнік. «У Кіева досыць вайскоўцаў, каб стабілізаваць сытуацыю на ўсходзе, але не для таго, каб дасягнуць прарыву, не кажучы ўжо пра перамогу», — лічыць ён.