Прадпрымальнікі: У Маскве на рынках ужо многія вывесілі аб’явы, што зь беларусамі не працуюць

На гарадзенскіх рынках сярод большасьці прадпрымальнікаў пануе пэсымістычны настрой у зьвязку з новымі правіламі гандлю. Многія лічаць, што каля паловы гандляроў у хуткім часе павінна будзе зьмяніць прафэсію. Што рабіць і як быць у гэтай сытуацыі, пераважная бальшыня папросту ня ведае — проста чакаюць, што будзе далей.

Рынак «Паўднёвы» — самы буйны ў Горадні. Сёньня тут нібыта не бракуе пакупнікоў. Але гандляры — бяз гумару і ўсьмешак, не чуваць, як гэта часта раней было, вясёлай музыкі.

З 1 жніўня падатковыя органы прыпыняюць прыём сьпісаў рэшткаў тавараў лёгкай прамысловасьці, увезеных у Беларусь да 1 ліпеня без дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць іх набыцьцё і адпаведнасьць патрабаваньням Тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу. Захоўваць і прадаваць рэшткі тавараў на падставе складзенага сьпісу з адзнакай падатковай інспэкцыі можна будзе да 1 сакавіка 2015 году.

Пра гэта толькі і размоваў. І ўсе задаюцца пытаньнем — што будзе зь імі пасьля 1 сакавіка? Малады спадар нагадвае: ад прадпрымальнікаў патрабуюць на тавар дакумэнтаў, якіх не існуе ў прыродзе. Хоць яны бяруць гэты тавар у краінах Мытнага саюзу, але ні ў Расеі, ні ў Казахстане падобных дакумэнтаў папросту няма.

Мужчына: «Спрабуем шукаць выйсьця: шукаем фірмы ў Менску, Маскве. Праўда, ня ўсе хочуць супрацоўнічаць, бо ў іх няма патрэбных нам сэртыфікатаў. Вось у Менску мне сказалі, што іх тавар з Масквы, яны даюць сэртыфікаты і ўсе неабходныя дакумэнты, але цана тавару вырастае адразу на 50%. Выходзіць, маскоўскія фірмы накручваюць, потым менскія — і мы гэты тавар ня зможам прадаць».

Яшчэ адзін спадар дадае, што ўжо бліжэйшым часам большасьць зь іх папросту ня змогуць завозіць ніякага тавару.

Хлопец: «Ну ладна з тымі яшчэ сэртыфікатамі, а як рабіць закуп тавару? У Маскве на рынках ужо многія вывесілі аб’явы, што зь беларусамі не працуюць, бо ня маюць патрэбных для іх дакумэнтаў...»

Многія спадарыні ўспрымаюць сытуацыю вельмі балюча — разумеюць, што ў хуткім часе могуць рэальна страціць працу, і нават ня хочуць са мной ні пра што гаварыць.

Жанчына: «Ня буду нічога вам казаць. Прабачце, але я ня ведаю, што і як з намі будзе...»

Карэспандэнт: «А да чаго рыхтуецеся?»

Жанчына: «Толькі час пакажа, бо поўная нявызначанасьць...»

Дзяўчына: «Цяжка, бо нічога не зразумець, і ніякага настрою. А што далей, нават і думаць ня хочацца. Учора па тэлевізары зноў сказалі, што прадпрымальнікі возяць з Масквы „ліпу“. Самі прызналі, што ні Казахстан, ні Масква ніякіх дакумэнтаў ня маюць, але мы, маўляў, ідзём сваім шляхам — і вы на іх не глядзіце...»

Такога тыпу аб'явы на Паўднёвым рынку ў Горадні апошнім часам сталі сустракацца даволі часта

Адзін з гандляроў зьвяртае ўвагу на тое, што вялікая колькасьць прадпрымальнікаў у горадзе дый ва ўсёй краіне разьяднаныя, ня маюць структураў, якія б адстойвалі іх правы, як гэта было раней.

Мужчына: «Неабходна арганізавацца. Магчыма, гэта ня ўдасца самім прадпрымальнікам, але было б нядрэнна мець пляцоўку пры Міністэрстве эканомікі, як гэта было раней. Стварыць працоўную групу і вырашаць усе гэтыя пытаньні».

Карэспандэнт: «Дык чаму ўсё ж нельга стварыць такую працоўную групу?»

Мужчына: «У тым і сэнс, што з кім ствараць гэтую групу, калі мы, як паказалі падзеі 1 ліпеня, самі паміж сабой ня можам дамовіцца? І атрымалася так, што адны выйшлі працаваць, іншыя не пайшлі. З боку дзяржавы на гэта можна было проста сказаць: палова працуе, а палова не — то, можа, і праблемы ніякай няма».

Дарэчы, гэта быў адзіны прадпрымальнік, які гаварыў пра стратэгію і тактыку паводзін з уладамі, пра арганізаванасьць, перамовы... Астатнія папросту ва ўсім зьняверыліся.

Мужчын: «Многія ўжо сыходзяць з рынку, бо няма рэальнай магчымасьці пацьвердзіць легальнасьць набыцьця тавару. Паколькі дзяржава патрабуе ў мяне такога дакумэнту, а я ня маю, то як законапаслухмяны чалавек я мушу прымаць правілы гульні — і альбо штык у зямлю, альбо працягваць працу. А працу працягваць магчымасьці няма».

Яшчэ адзін спадар кажа, што нават зрабіўшы сьпіс рэшткаў тавараў, ён наўрад ці зможа дапрацаваць нават да 1 сакавіка.

Хлопец: «Ведаеце, летні тавар ужо становіцца непатрэбны, а зімовы, які з тых гадоў застаўся — яго няшмат. Ёсьць рэшткі, але памеры нехадавыя, мадэлі нехадавыя, яго ўжо цяжка прадаць, а новага завозіць не дазваляюць. Я вам скажу, што тут яшчэ людзі сядзяць і спадзяюцца на тое, што нешта зьменіцца да лепшага. Гэтага ўжо ня будзе. Ня ведаю, што сказаць, але ўсё ўжо не ад нас залежыць. Што ад нас залежала, мы ўпусьцілі раней...»