Расея называе санкцыі Японіі «недружалюбным крокам»

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў

Міністэрства замежных спраў Расеі назвала абвешчаныя Японіяй 28 ліпеня дадатковыя санкцыі супраць Масквы «недружалюбным і недальнабачным крокам».

У камэнтары, апублікаваным на сайце МЗС Расеі, гаворыцца, што пазыцыя Токіё заснавана на «глыбока памылковым уяўленьні аб рэальных прычынах таго, што адбываецца ва Ўкраіне».

У МЗС Расеі заяўляюць, што неаднаразовыя запэўніваньні Токіё аб намеры працягваць намаганьні па разьвіцьці адносін з Масквой — толькі «шырма», якая затуляе няздольнасьць японскіх палітыкаў выйсьці з «кільватэру Вашынгтону і праводзіць самастойную лінію».

Учора Японія абвясьціла аб намеры ўвесьці супраць Расеі дадатковыя санкцыі ў сувязі з сытуацыяй ва Ўкраіне. Санкцыі закрануць рахункі фізычных асоб і груп, якія непасрэдна былі ўцягнутыя ў анэксію Крыму і ўзмацненьне нестабільнасьці на ўсходзе Ўкраіны, растлумачылі ва ўрадзе краіны.

Акрамя таго, Японія ўсьлед за Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця замарозіць фінансаваньне новых праектаў у Расеі, а таксама накладзе абмежаваньні на імпарт прадуктаў з Крыму. Санкцыі ўступяць у сілу пасьля ўхваленьня ўрадам.

Пасьля анэксіі Крыму ЭЗ, ЗША, Канада, Японія ды іншыя краіны ўвялі пэрсанальныя санкцыі ў дачыненьні да асоб у Расеі, якія маюць дачыненьне да гэтых незаконных дзеяньняў.