Расейскія «Сбербанк» і «ВТБ-банк», а таксама пяць алігархаў, якія падтрымліваюць баевікоў на ўсходзе Ўкраіны, будуць дадзеныя ў санкцыйны сьпіс Эўрапейскага зьвязу.
Пра гэтае паведамляе выданьне The Wall Street Journal са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы.
Імёны асобаў, якія ўнесены ў сьпіс, не вядомыя.
Гэтыя захады ЭЗ зьяўляюцца часткай пляна па ўзмацненьні ціску на расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, якога ЗША і ЭЗ абвінавачваюць у падтрымцы сэпаратыстаў на Данбасе.
У панядзелак лідары ЗША, Брытаніі, Францыі, Нямеччыны і Італіі абмеркавалі магчымасьць увядзеньня новых санкцый супраць Расеі за яе дзеяньні ў дачыненьні да Ўкраіны.
Позна ўвечары 25 ліпеня ЭЗ абвясьціў раней ухвалены сьпіс з 15 фізычных і 18 юрыдычных асобаў, сярод якіх кіраўнік рэспублікі Чачня ў Расея Рамзан Кадыраў, кіраўнік расейскай выведкі Міхаіл Фрадкоў і кіраўнік ФСБ Расеі Аляксандр Бортнікаў.
ЭЗ, гэтаксама як ЗША і некаторыя іншыя краіны, ужо ўвялі шэраг санкцый у сувязі з анэксіяй украінскага Крыма Расеяй і дэстабілізацыяй ва Ўкраіне. На першым этапе санкцыі ЭЗ мелі палітычны характар. На другім, які паступова цяпер пашыраецца, прымаюцца санкцыі ў дачыненьні да фізычных і юрыдычных асобаў з Расеі і Ўкраіны, якія датычныя да дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне.
ЭЗ, як і ЗША, пагражаюць прымяніць і трэці этап санкцый супраць цэлых сэктараў эканомікі Расеі, калі Масква не спыніць свае дзеяньні па дэстабілізацыі Ўкраіны. Аднак дагэтуль умовы ўвядзеньня гэтага этапу санкцый мяняліся і краіны ўвесь час унікаюць іх увядзеньня.
29 ліпеня Эўразьвяз можа ўпершыню ўвесьці санкцыі, якія наблізяцца да ўзроўню трэцяга этапа ці ўжо стануць першым крокам трэцяга этапу.