Ужо сёньня, 29 ліпеня: «Інфарматыка» па-беларуску

Ілюстрацыя да Календара Бахарэвіча

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск, суд Кастрычніцкага раёну (вул. Сямашкі, 33) правядзе першае судовае паседжаньне ў справе праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі. Крымінальная справа будзе разглядацца судзьдзёй Алай Абакунчык. Пачатак у 10 гадзінаў.

Менск, ізраільскі культурны цэнтар і Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы прадстаўляюць выставу-экспазыцыю «Хаім Нахман Бялік: шлях паэта». Адкрыцьцё ў 17 гадзінаў з удзелам пасла Ізраіля Іосіфа Шагала.

Менск, праект Meetup.by запрашае на сэмінар «Тэорыя ведаў і новыя кібэрнэтычныя тэхналёгіі» ў рамках прэзэнтацыі беларускамоўнай праграмы «Інфарматыка». Вул. Маскоўская, 20, аўд. 500. Пачатак у 19 гадзінаў.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1939 – Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэньне перайменаваць горад Менск у Мінск.

1968 – Папа рымскі Павел VI у энцыкліцы, названай «Humanae Vitae» (Чалавечае жыцьцё), забараніў для каталікоў любыя штучныя мэтады кантролю нараджальнасьці.

1973 – На рэфэрэндуме ў Грэцыі народ скасаваў манархію і абвясьціў краіну рэспублікай.

У гэты дзень нарадзіліся:

1805 – Аляксіс дэ Таквіль, францускі пісьменьнік, гісторык і сацыёляг.

Вопыт вучыць, што для дрэннага ўраду найбольш пагрозьлівая тая хвіліна, калі ён, урад, пачынае трохі выпраўляцца. Зло, якое цярпліва выносілі, як штосьці непазьбежнае, робіцца нясьцерпным пры думцы, што можна ад яго вызваліцца.

Алексіс дэ Таквіль

1883 – Бэніта Мусаліні, італьянскі палітычны дзеяч, стваральнік фашызму, кіраўнік Італіі ў 1922–1943 гадах.

Каб нацыя заставалася здаровай, яна павінна ваяваць кожныя дваццаць пяць гадоў.

Бэніта Мусаліні

1908 – Юрка Лявонны, беларускі паэт.

1929 – Жан Бадрыяр, францускі філёзаф-постмадэрніст, сацыёляг, літаратар.

Народ аказаўся публікай: масам прапануюць сэнс, а яны прагнуць відовішча.

Жан Бадрыяр

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Атэіст Божай ласкай. 29 ліпеня 1983 памёр Люіс Бунюэль