Зь якіх крыніцаў вы атрымліваеце інфармацыю пра вайну на ўсходзе Ўкраіны? Ці давяраеце зьвесткам беларускіх і расейскіх мэдыяў? Апытаньне ў Горадні.
Хлопец: «Я, шчыра кажучы, не задумваўся. Я гляджу беларускія каналы і расейскія, і ўкраінскія таксама, у мяне спадарожнікавае тэлебачаньне. Я ўсё гляджу, сачу за гэтай справай. Я ўпэўнены, што з кожнага каналу можна браць нейкую інфармацыю і неяк яе адфільтроўваць».
Мужчына: «Я гляджу ў асноўным расейскія каналы і беларускія. Я думаю, што Расея на правільнай пазыцыі стаіць».
Your browser doesn’t support HTML5
Мужчына сталага веку: Euronews я гляджу ў шэсьць раніцы, яны канкрэтней паказваюць, нашым нельга верыць. А тым я больш веру, бо Euronews — незалежная тэлестанцыя. А нашых — так, гляджу«.
Мужчына: «РТР-24». Абедзьве брэшуць: як Расея, так і Ўкраіна«.
Сталы спадар: «Я свайму адчуваньню давяраю. Ёсьць выраз: паны б’юцца, у мужыкоў чубы ляцяць, вось і ўсё».
Хлопец: «Са сродкаў масавай інфармацыі беларускіх: тэлебачаньня і газэт. Ну, так... давяраю».
Хлопец: «Хартыя-97», і польскія, і маскальскія, крыху Euronews. «Хартыя-97» — яны нашы, беларусы«.
Жанчына: «Ну, вы ведаеце: больш за ўсё нашы, беларускія. Больш чытаю з інтэрнэту, беларускія, у прынцыпе, сайты: tut.by і kp.by».
Мужчына: «Ну канечне, расейскія. Я жыў ва Ўкраіне паўгода і быў задаволены, а цяпер не — з таго, што там чыніцца. Я думаю, там мэта — грошы, там дзеляць тэрыторыю».
Хлопец: «Што да мяне, гляджу, безумоўна, я каналы расейскія, паралельна эўрапейскія, той жа Euronews, чытаю нейкія незалежныя крыніцы накшталт Russia Today. На мой погляд, усё роўна ідзе інфармацыйная вайна, як з боку прарасейска настроенай часткі, так і з боку заходняй часткі. Таму, каб атрымаць аб’ектыўны пункт гледжаньня, неабходна браць інфармацыю з розных крыніц і, груба кажучы, дзяліць яе напалам».
Мужчына: «Я сам рускі, давяраю рускаму каналу, многа год жыву ў Беларусі, беларускаму — тым болей. Карацей, гляджу ўсе каналы і супастаўляю. А польскай мовы я ня ведаю».