Суд над былой выхавацелькай дзіцячага дому сямейнага тыпу з Клімавічаў Ірынай Моцнай адкладзены.
У раённым судзе патлумачылі, што ў іх няма матэрыялаў справы. Участковы міліцыянт, які меўся прынесьці іх у суд, заявіў Ірыне Моцнай, што матэрыялаў няма і ў яго таксама. Яны нібыта ў Магілёве. Самой Ірыне Моцнай перад судовым пасяджэньнем зрабілася кепска. Выклікалі хуткую дапамогу. Ірына Моцная — дыябэтык і гіпэртонік. Позву ў суд выпісалі на 29 ліпеня.
Ірыну Моцную вінавацяць у самаўпраўстве. Жанчына нібыта не хацела аддаваць прыёмных дзяцей, пасьля таго як яе звольнілі з пасады мамы-выхавацелькі прытулку. У паперах, якія ёй прысылалі з аддзелу адукацыі Клімавіцкага райвыканкаму, гаворыцца, што дзіцячы дом сямейнага тыпу «спыніў сваё функцыянаваньне», а сама Ірына Моцная вызвалена «ад абавязкаў апекуна». Прычынай называецца сьмерць таты-выхавацеля, а таксама неналежнае выкананьне абавязкаў апекуном Ірынай Моцнай. Што канкрэтна пад гэтай фармулёўкай маецца на ўвазе, не тлумачыцца.
Ірына Моцная заяўляе, што дзяцей ня супраць была аддаць, але патрабавала ад чыноўнікаў, каб ёй далі дакумэнты, якія аргумэнтуюць ейнае звальненьне. Акрамя таго, як кажа жанчына, яна непакоілася за псыхічны стан прыёмнай дзятвы. Дзеці, паводле яе, адмаўляліся пакідаць прытулак. Чыноўнікі ж патрабавалі, каб дзяцей яна аддала хутка.
Сямёх дзяцей забралі 25 ліпеня. У гэты дзень ранкам, як сьцьвярджае Ірына Моцная, яе гвалтам даставілі ў раённы аддзел міліцыі разам з сынам і непаўналетнім гадаванцам прытулку. У міліцыі пратрымалі больш за адзінаццаць гадзінаў. Пры затрыманьні супраць дзевятнаццацігадовага сына Віталя былі выкарыстаныя спэцсродкі — кайданкі. У міліцыі хлопец прабыў у іх, як ён кажа, дзьве гадзіны. На руках засталіся адмеціны. Хлопец кажа, што паводзілі сябе міліцыянты зь ім і непаўналетнім гадаванцам прытулку надзвычай агрэсіўна.
Your browser doesn’t support HTML5
Прыёмныя дзеці, пабачыўшы міліцыю, кажа Ірына Моцная, разьбегліся. Калі яе з сынам і гадаванцам выпусьцілі зь міліцыі, астатніх дзяцей ужо не было.
У раённым аддзеле адукацыі адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю з расфармаваным дзіцячым прытулкам. Заяўляюць, што яго гадаванцы ў бясьпецы, але дзе — ня кажуць. Паводле некаторых зьвестак, дзяцей завезьлі ў Магілёў, у SOS-вёску.
Атрымаць камэнтар у раённым аддзеле міліцыі наконт таго, чаму было трэба затрымліваць Моцных на адзінаццаць гадзін, не ўдалося. Было заяўлена, каб зьвярталіся ў прэс-службу ўпраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму.
Дзіцячы дом сямейнага тыпу Ірына і Віктар Моцныя арганізавалі на прапанову чыноўнікаў. Ён быў адным зь першых у Клімавічах. Праблемы ў стасунках з чыноўнікамі, кажа Ірына Моцная, пачаліся, калі яна паскардзілася ў адміністрацыю прэзыдэнта на тое, што райвыканкам не дапамагае прытулку ў вырашэньні гаспадарчых праблемаў.