У адвакатаў Надзеі Саўчанкі шмат пытаньняў да расейскага суду

Надзея Саўчанка

25 ліпеня ў Варонежскім абласным судзе разгледзяць апэляцыю адвакатаў на арышт афіцэра Ўзброеных сіл Украіны Надзеі Саўчанкі.

Сама Саўчанка будзе кантактаваць з судом празь відэаканфэрэнцыю. Раней суд у Варонежы прыняў рашэньне ўтрымліваць украінскую грамадзянку пад вартай да 30 жніўня. Адвакаты Саўчанкі спадзяюцца, што суд прыслухаецца да іх аргумэнтаў.

Адвакаты ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі плянуюць зьвярнуць асаблівую ўвагу суду на тое, якім чынам іх падабаронная апынулася на расейскай тэрыторыі. Паводле вэрсіі сьледзтва, Саўчанку затрымалі за пераход мяжы пад выглядам уцекача. Сама яна ў інтэрвію тэлеканалу LifeNews назвала гэта хлусьнёй і заявіла, што яе скралі:

«Гэта было сапраўды выкраданьне. Спачатку яны мяне дапытвалі як сьведку, потым ужо як падазраваную. Дрэнна, што хлусяць. Ну скажыце шчыра: усё, узялі. Ня трэба гэтых баек пра тое, што я ўцякачка, што я зьбегла, ці яшчэ што-небудзь».

«Я ня буду ўцякаць з Расеі, таму што я не вінаватая і мне няма чаго бегчы. Але тое, што, тут праходзяць гады майго жыцьця, бо тут дзень за пяць, а я тут мінімум на два месяцы, гэта, вядома, мяне нэрвуе», — прызналася лётчыца.

Марк Фейгін

У абароны Надзеі Саўчанкі да сьледзтва шмат пытаньняў. Адвакат Марк Фейгін мае намер зьвярнуць увагу суду на шматлікія парушэньні ў яе справе.

«На наш погляд, яе выкралі, фактычна — перадалі з рук у рукі, з ваеннага палону ў Луганску на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Ня кажучы ўжо пра тое, што не зусім зразумелая юрыдычная законнасьць дзеяньняў, адсутнасьць магчымасьці зносін з консулам, узычэньня поўнага аб’ёму дакумэнтаў замежнай грамадзянцы на роднай мове ці з удзелам перакладчыка, пераклад усіх матэрыялаў, хадайніцтваў, якія былі ў справе. Гэтага зроблена не было», — кажа абаронца.

Іншы адвакат Саўчанкі Ільля Новікаў кажа, што праца сьледзтва не вытрымлівае ніякай крытыкі і абарона будзе дамагацца выкананьня ўсіх правоў сваёй падабароннай:

«Незаконная сама працэдура затрыманьня. У тым ліку й таму, што ёй не далі магчымасьці першапачаткова скарыстацца паслугамі адваката. Адвакат зьявіўся толькі на пяты дзень, пасьля таго як яна прыехала ў Расею».

Напярэдадні ў Сьледчым камітэце Расеі заявілі, што ёсьць доказы датычнасьці Надзеі Саўчанкі да гібелі на Данбасе двух расейскіх журналістаў. Паводле вэрсіі сьледчых, лётчыца па тэлефоне прывяла на журналістаў агонь мінамётаў. Сама Надзея Саўчанка гэтыя абвінавачваньні адпрэчыла і адзначыла, што «ніколі не страляла б у бяззбройнага чалавека».