Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус падчас візыту ў Менск 25 ліпеня сустрэнецца з сваім беларускім калегам Уладзімерам Макеем. На пытаньне Свабоды, ці змогуць журналісты пасьля заканчэньня перамоваў задаць пытаньні кіраўнікам зьнешнепалітычных ведамстваў, прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык адказаў: калі літоўскі бок праявіць такую ініцыятыву, то падыход да мэдыяў адбудзецца.
Паводле Мірончыка, на парадку дня — перамовы «па шырокім спэктры пытаньняў беларуска-літоўскага супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеяньня Беларусі і Эўрапейскага Зьвязу».
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі сказаў Свабодзе, што міністар Лінкявічус, які раней, дарэчы, працаваў амбасадарам у Беларусі, сёньня будзе выступаць у дзьвюх іпастасях: пасланьніка Эўразьвязу і літоўскага міністра:
«Прычым я схіляюся да таго, што гэта ў большай ступені эўрапейскі візыт. Пра яго стала вядома толькі пасьля сустрэчы Лінкявічуса з Макеем у Брусэлі 22 ліпеня, дзе яны абодва ўдзельнічалі ў паседжаньні міністраў замежных спраў краін „Усходняга партнэрства“. Лінкявічус як паўнавартасны прадстаўнік краіны Эўразьвязу, Макей як прадстаўнік краіны-ўдзельніцы гэтай ініцыятывы.
Выглядае, што дамоўленасьць пра прыезд літоўскага міністра ў Менск была дасягнутая на брусэльскай сустрэчы. Мабыць, Макей пераканаў літоўскага калегу нейкімі заманлівымі абяцанкамі. І гэта сьведчыць, што дыялёг паміж Брусэлем і афіцыйным Менскам пакрыху ўзнаўляецца. Можна казаць, што тая самаізаляцыя Беларусі, якая ўзьнікла пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году, пакрыху размываецца. Візыт Лінкявічуса — гэта пацьверджаньне такога працэсу. І, на мой погляд, гэта даволі дзіўна, паколькі беларускія ўлады дагэтуль не прызнаюць наяўнасьць у краіне палітвязьняў і не вызваляюць іх. А гэта ж — базавае патрабаваньне Эўразьвязу.
Што тычыцца двухбаковых праблем непасрэдна паміж Беларусьсю і Літвой, то яны таксама існуюць. Як мінімум — дзьве. Дагэтуль не працуе прымежны рух, хоць дакумэнтальна усё ўжо аформлена. Аднак беларускі бок не праяўляе жаданьня, каб супрацоўніцтва пачалося. І вядома, чаму. Беларусь ставе ўмовай ліквідацыю „чорнага сьпісу“ неўязных на тэрыторыю Эўразьвязу асобаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.
Другая праблема — будаўніцтва Астравецкай АЭС. Занепакоенасьць Вільні не сустракае разуменьня ў Менску. Будаўніцтва станцыі, якое фінансуецца Расеяй, працягваецца».
24 ліпеня на брыфінгу ў МЗС Дзьмітры Мірончык сказаў, што літоўскі міністар замежных спраў таксама будзе прыняты ва ўрадзе Беларусі. Аднак, хто канкрэтна будзе размаўляць з Лінасам Лінкявічусам, ён не ўдакладніў.
Між тым у дыпляматычных колах не выключаюць, што кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Літвы 25 ліпеня можа прыняць Аляксандар Лукашэнка. Менавіта гэтым тлумачаць прыезд у Менск Лінаса Лінкявічуса ўвечары 24 ліпеня. Магчыма, яго праграма на 25 ліпеня будзе скарэктавана.
А ў ёй таксама значацца сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і сваякамі палітвязьняў.