Галяндзкі мэр выбачыўся за заклік дэпартаваць дачку Пуціна

Мэр галяндзкага гораду Хільвэрсум Пітэр Броэрцьес выбачыўся на старонцы ў Twitter за заклік дэпартаваць 29-гадовую дачку прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна Марыю, якая жыве ў горадзе Вааршотэн. Ён адзначыў, што выказаўся «ня вельмі мудра», і дадаў, што гэта адбылося «з-за адчуваньня бездапаможнасьці, якое падзяляюць многія». Прычынай падобных настрояў, паводле яго, зьяўляецца катастрофа самалёта на Данбасе.

Раней заходнія СМІ паведамілі, што прагучалі заклікі дэпартаваць Марыю Пуціну зь «сямейнага гнязда ў Нідэрляндах, якое яна стварыла са сваім бойфрэндам-галяндцам». «Мэр гораду Хільвэрсум, куды целы ахвяраў катастрофы самалёта МН17 будуць прывезеныя на апазнаньне, запатрабаваў высылкі 29-гадовай Марыі, старэйшай зь дзьвюх дачок прэзыдэнта Пуціна, якая валодае кватэрай-пэнтхаузам у вёсцы каля Гаагі», — напісала The Times.

Карыстальнікі Twitter заклікалі правесьці ў вёсцы Вааршотэн мірную дэманстрацыю супраць прысутнасьці Марыі Пуцінай. «Як сьцьвярджаецца, Марыя Пуціна ня менш як 4 гады знаходзіцца ў адносінах з 34-гадовым Йорытам Фаасэнам. Як сьцьвярджаецца, ён займаў высокія пасады ў «Газпроме» і «Стройтрансгазе», — піша газэта, нагадваючы, што другая з гэтых кампаній падвергнулася санкцыям ЗША.