Прэс-служба МУС: Шмат хто нязгодны з тым, як на Радыё Свабода асьвятляюць украінскія падзеі

Дзейнасьць магілёўскага гарадзкога сайта mogilev.by, які рэтрансьлюе пазыцыю прарасейскіх сэпаратыстаў і аднаго зь іх лідэраў Ігара Стралкова, можа стаць падставай для адпаведнага расьсьледаваньня — лічаць экспэрты. Аднак вызначаць, ці сапраўды адміністрацыя сайта распальвае варожасьць і публікуе экстрэмісцкія заклікі, могуць толькі адпаведныя праваахоўныя структуры.

Сайт mogilev.by, які напаўняецца навінамі ад лідэра сэпаратыстаў Ігара Стралкова і ўголас радуецца гібелі салдат з добраахвотніцкіх украінскіх батальёнаў, не належыць Белтэлекаму, аднак хостынг ажыцьцяўляецца на абсталяваньні кампаніі. Пра гэта Радыё Свабода паведамілі ў прэс-службе Белтэлекама.

Адміністратар сайта на просьбу Радыё Свабода патлумачыць сваю пазыцыю падзякаваў, але даваць інтэрвію адмовіўся.

Кіраўнік прэс-службы МУС палкоўнік міліцыі Канстанцін Шалькевіч раіць тым, хто незадаволены зьместам сайта, зьвяртацца ў адпаведныя органы — пракуратуру ці КДБ. А на пытаньне, ці можа праца сайта стаць аб’ектам расьсьледаваньня, адказвае наступным чынам:

«Мне вельмі складана адказваць на ваша пытаньне. Калі ўзяць пазыцыю асьвятленьня гэтых навінаў з боку Радыё Свабода, то таксама шмат нязгодных з тым, што напісана на старонках вашага сайта. І іх ня некалькі чалавек, а нашмат больш. Гэта тое самае, што і вас прыцягваць за тое, што вы кагосьці называеце „сэпаратыстамі“ і так далей. На бягучы момант гэта ўнутраныя справы Ўкраіны, і даваць нейкія камэнтары на гэты конт мы не кампэтэнтныя.

З гэтым трэба разьбірацца, а ў кампэтэнцыю прэс-службы гэта не ўваходзіць. З гэтым пытаньнем трэба зьвяртацца альбо ў пракуратуру наконт пытаньня правільнасьці існаваньня ці разьмяшчэньня інфармацыі на сайце, або, калі непасрэдна па нейкіх пазадзяржаўных дзеяньнях, то тады ў КДБ».

Андрэй Бастунец

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец папярэджвае, што Міністэрства інфармацыі на такі сайт наўрад ці зьверне ўвагу:

«Калі мы гаворым пра заканадаўства аб СМІ, то інтэрнэт-рэсурсы ня лічацца СМІ. І захады, якія закон прадугледжвае, ня могуць быць ужытыя да такога сайта. Ёсьць іншыя органы — напрыклад, пракуратура ці ААЦ, які займаецца інтэрнэтам, якія могуць ва ўсялякім разе праверыць дзейнасьць гэтага сайта і ўжыць да яго некаторыя захады».

Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч з ПЦ «Вясна» таксама сьцьвярджае, што пытаньні пра працу сайта трэба задаваць праваахоўным органам. Але зьвяртае ўвагу на тое, што ў сьпісе рэсурсаў з абмежаваным доступам знаходзіцца і сайт праваабарончай арганізацыі «Вясна».

«Калі ёсьць прапаганда варажнечы, то падставы для рэакцыі ёсьць. Як мінімум пракуратура і Міністэрства інфармацыі павінны адсочваць такую інфармацыю. Калі гэта будзе расцэнена як прапаганда экстрэмізму, то ў нас ёсьць адпаведнае заканадаўства. Гэтае пытаньне трэба задаваць дзяржаўным органам, якія ажыцьцяўляюць нагляд за законнасьцю.

З аднаго боку, яны ўносяць сайты ў абмежаваны доступ, як „Вясну“, бо мы нібыта прапагандуем дзеяньні, забароненыя заканадаўствам, паколькі пішам пра сваю дзейнасьць, не зьяўляючыся зарэгістраванай арганізацыяй. А тут вось маем такі дзейсны сайт».

Пасьля зьяўленьня публікацыі на Радыё Свабода наконт дзейнасьці сайта mogilev.by навіны ад данецкіх сэпаратыстаў зьніклі зь першай старонкі, аднак дагэтуль прысутнічаюць на самім сайце і ў яго архіве.