Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей выступіў на пленарнай міністэрскай сустрэчы.
«Вядома, мы гаварылі пра санкцыі, пра праблемы, якія існуюць у адносінах паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, — сказаў Радыё Свабода па заканчэньні сустрэчы Ўладзімер Макей. — Мы разумеем, што гэтыя праблемы ня могуць разьвязацца ў адзін момант, але мы павінны ствараць пазытыўную атмасфэру ў нашых дачыненьнях — магчыма, праз малыя крокі. Існуе шмат сфэраў, дзе мы можам супрацоўнічаць на аснове ўзаемнай выгады, і я ўпэўнены, што рана ці позна санкцыі будуць зьнятыя».
Пытаньню, калі нарэшце будуць вызваленыя палітвязьні, Уладзімер Макей чарговы раз зьдзівіўся: «Я не разумею, пра што вы гаворыце. Ніхто з нашых эўрапейскіх калег ня можа паказаць мне сьпіс палітвязьняў, ніхто не называе канкрэтнай лічбы. Вядома, у Беларусі ёсьць зьняволеныя, але яны пакараныя за канкрэтныя парушэньні законаў, што нічога агульнага з палітыкай ня мае.»
Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус зазначыў, што час пераацаніць дачыненьні зь Беларусьсю. «ЭЗ ня можа ігнараваць пазыцыю Беларусі ў важных пытаньнях, — зазначыў ён у інтэрвію Свабодзе. — З аднаго боку, яны (Беларусь) не прызнаюць акупацыі Крыму, Паўднёвай Асэтыі, Абхазіі. Зь іншага боку, там па-ранейшаму застаюцца палітвязьні, але нельга не размаўляць зь Беларусьсю. І я як якраз у бліжэйшыя выходныя еду ў Менск, каб пашукаць агульныя падыходы па важных пытаньнях.
На многае ў нас розныя погляды. Але майго пункту гледжаньня, адбываюцца пэўныя зрухі, пэўнае збліжэньне пазыцыяў. Наша задача — узаемадзейнічаць, а ня ўзводзіць сьцены, адзначаць пазытыўныя зрухі, не ігнаруючы нэгатыўныя зьявы, працягваць дыялёг.»