Мы прызямліліся на авіябазе НАТО, якая дзеліць адзін аэрадром зь невялікім аэрапортам цывільнай авіяцыі. Праехалі ўздоўж амэрыканскіх самалётаў і выйшлі на скварнае паветра. Грэцыя сустрэла надпісамі, якія немагчыма было прачытаць.
Абуджаная, але неспатоленая любоў да Грэцыі трывала са студэнцкіх часоў, калі я, пасьля савецкай арміі, трапіў на курс прафэсара Лапідуса, прысьвечаны антычнай літаратуры. Але краіна здавалася занадта гарачай, і мне не падабалася, што грэкі палілі нямецкія сьцягі і псавалі партрэты Мэркель, якая ўпарта старалася мільярдамі эўра ўратаваць радзіму Пэрыклаў ад банкруцтва. Цяпер у мяне быў тоўсты раман «Pokój na Itace» Шандара Мараі, набыты перад адлётам. Пазьней я буду захапляцца: як можна было гэтак глыбока прасякнуцца, каб напісаць першыя сто старонак ад імя Пэнэлёпы так рэалістычна, што верыш — яна апавядае сваю гісторыю сама, і гэта аўтэнтычны запіс. Нашым гістарычным раманам гэтага часам востра бракуе.
Грэкі пачынаюць раздражняцца на турыстаў, калі тых робіцца зашмат. Хаця ўсе іх чакаюць, бо калі ты здолеў уладкавацца на сто дзесяць дзён у сэзон, астатні час можаш піць свае каву і ракію спакойна, дзяржава будзе плаціць табе 250 эўра на падтрыманьне нагавіцаў. Але што вылучае грэкаў: калі ты замовіў любую страву, табе ў канцы абавязкова прынясуць стограмоўку ракіі граціс з пакроеным кавуном і вінаградам. Гасьціннасьць не на словах, як у нас. У суседняй пляжнай тавэрне абвестка бяз знакаў прыпынку: «Every sunday greek evening Zorba night».
У крыцкай сталіцы Геракліёне я ў складзе польскай экскурсіі, гаспадары сувэнірных крамак стаяць у дзьвярах і ў адзін голас: «Дзень добры!» Пазьней ідзеш рынкавай вулічкай безь ніякіх палякаў і чуеш ад грэка Зорбы «Нех жые!» Дажыў: паходзіш з палякамі, за паляка прымаюць. І што яму адказаць? «Нех жые Польска!», даруй, «саюзная дзяржава»...
У Геракліёне стаіць помнік мясцоваму дзеячу Вэнізэласу, які выглядае як наш клясычны Ленін (толькі што рукі апусьціў, не заклікае да бунту). Экскурсаводка паведамляе аб гэтым засмучана. Напэўна скульптар вучыўся ў маскоўскіх карыфэяў. Схадзіць пакланіцца я забыўся, пстрыкнуў статую з аўтобуса потым.
Я гадаваўся на авіябазах і шум самалётаў — звычайны фон для вушэй. Дзіўлюся, што натаўскія самалёты маюць той жа дакладна гук, мала таго — нават відарыс крыла (які мне здаецца састарэлым) — такі ж самы, як у былога савецкага, вельмі растыражаванага самалёта. Ты ў Эгейскім моры першы раз, і ўпершыню неба над галавой ахоўваюць натаўцы, але без напругі, празь дзень. Бываюць і начныя палёты. Тавэрна, каля самых ног плёскаецца хваля, а над морам у цёмным небе ўздоўж берага праходзіць зьвяно — чатыры самалёты адзін за адным, праз інтэрвал. І міжвольная думка: наколькі больш плацяць за начны вылет? У інтэрнэце прачытаў, што ў «ДНР» абяцаюць за любы восем тысяч баксаў, у іх цяпер аднекуль самалёт...
У кнігарнях пра вайну яшчэ больш, чым у нашых сёньня. Пра славуты парашутны дэсант, выкінуты люфтвафэ ў траўні 1941-га — «Скачок у пекла» або «Д’яблы з крыламі» — і цэлы шэраг іншых, на грэцкай, нямецкай, ангельскай. Прыгажуны германскія парашутысты з жалезнымі крыжамі на здымках. І кніжкі пра мясцовы супраціў, грэкі таксама партызанілі.
Такое ўражаньне, што ўсе расейцы цяпер у Крыме, каб выканаць урадавае распараджэньне. Навокал амаль спрэс скандынавы, у іх вялікі «гатэль-бунгала». Калі яны раскрываюць рот, здаецца, што заўсёды пачынаюць апавядаць свае сагі, такая манера маўленьня ў іх. Праўда, з самага ранку прыходзіць масквічка вельмі ў гадах з двума паклоньнікамі-землякамі. Былая чэмпіёнка плыўчыха. Яна й цяпер у форме, мужчыны плаваюць значна больш сьціпла. Яна гаворыць: «Зайшла нейк у храм „Христа-спасителя“, вочы заплюшчыла і нібыта стала маладой, нібы на вадзе зноў...» Яна трэніравалася некалі ў тым вялікім адкрытым басэйне, які на месцы храма існаваў у савецкі час.
Мясцовыя парты збудавалі яшчэ вэнэцыянцы, і яны захаваліся, цытадэлі і маякі таксама. У партовай тавэрне за суседнім сталом вялікая нямецкая сям’я, дзеці, дзьве бабулі. Прачытаць у мэню ім удаецца толькі «мусака». Галава сям’і, ён адзін толькі мужчына, нагадвае генэральнага сакратара НАТО: той жа несамавіты, выбачальны выраз твару. Празь некалькі крокаў шыльда для турыстаў каля рэштак старых камяніцаў: бізантыйскую забудову ў порце разбурыла ў 1941-м германская авіяцыя. А нямецкі дэсант выклікаў паніку нават у Сталіна: у Крамлі палічылі, што немцы паўтораць яго ў Крыме, дзе сталі сьпешна ствараць берагавую абарону. Войскі ўкраінскай берагавой абароны сёлета аказаліся бездапаможнымі, у сваю чаргу, перад дэсантам расейскім.
Іншы столік цяпер займаюць расейцы. Адзін, дзябёлы, выглядае на вайскоўца, прынамсі на такога, як у фільмах пра Чачню. Другі, хіба больш сымпатычны, у інвалідным вазку, зусім бяз ног. Паўночны Каўказ?.. Жонкі, абедзьве са стрыжкай, выглядаюць як сёстры. Выраз твараў нейкі відавочна расейскі, спачувальна-ахвярны. Мужчыны замовілі каньяк. Іх яшчэ чакала наперадзе ракія.
Што да віна, лепей браць, каб усё было толькі па-грэцку, якое для сваіх — будзе лепшай якасьці. Мне яшчэ спадабаліся помнікі грэцкім героям, змагарам за незалежнасьць, якія партызанілі супраць туркаў. Змагарны дух не пакідае грэкаў нават у турыстычны сэзон, наводшыбе я сфатаграфаваў транспарант з пратэстам супраць «грэцкага Гуантанама» і за «салідарнасьць з барацьбой зьняволеных». Гэта ў горадзе Ханя, антычнай Кідоніі. На муры пад транспарантам угадваўся амаль сьцёрты антычны барэльеф, сюжэт якога зразумець ужо было немагчыма.
Пісьменьнік Рамэн Гары калісьці пачаў пісаць цікавы раман «Грэк». Дзея адбываецца ў часы хунты палкоўнікаў. На невялікім востраве ў Эгейскім моры канцлягер для палітычных. Да суседняга вострава, дзе жывуць людзі, пятнаццаць міляў, і там цяпер адзін з найлепшых плыўцоў, амэрыканец, яму патрэбныя грошы. Яго наймаюць, каб даплыў да вострава і сфатаграфаваў канцлягер. На гэтым пачаты твор абрываецца.
Аднак дазволю сабе працытаваць невялікі ўрывак: «Грэцыя. Радзіма міталёгіі, каралёў, якія ніколі не існавалі, і багоў, якія ніколі нічога ня зьдзейсьнілі, зь іхнімі заблытанымі сваяцкімі сувязямі, і ўсё гэта — толькі ў мармуры. Ну й на паштоўках... Грэкі скажуць вам, што гэта яны вынайшлі дэмакратыю; няхай гэта так, аднак патэнт на яе яны даўно згубілі». Цяпер дэмакратыя зноў прысутнічае, а бюсты багоў — у вітрынах, гіпсавыя, для турыстаў.
Your browser doesn’t support HTML5
Што да вострава Крыт, то нельга адмовіцца ад магчымасьці ўбачыць руіны палацу ў Кносасе, «калысцы цывілізацыі», «восьмым цудзе сьвету», як кажуць экскурсаводы. Раскопкі больш за сто гадоў таму фундаваў англічанін Артур Эванс. Яго крытыкуюць за частковую рэканструкцыю каралеўскага палаца, але прызнаюць: каб не ягонае жаданьне ўзнавіць, даць магчымасьць на свае вочы ўявіць, як выглядалі старажытныя пабудовы — мы б змаглі сёньня ўбачыць толькі падмуркі.