Кіраўніцтва Ўкраіны заяўляе, што ўзброеныя баевікі з так званай «Данецкай народнай рэспублікі» перашкаджаюць пошукавым працам на месцы крушэньня малайзійскага авіялайнэра «Боінг-777», зьбітага 17 ліпеня ракетай з самаходнай зэнітнай устаноўкі «Бук».
Апроч таго, у руках сэпаратыстаў дагэтуль застаюцца «чорныя скрыні» і некалькі дзясяткаў трупаў. У катастрофе загінулі амаль 300 пасажыраў і чальцоў экіпажу з 12 краінаў. У інтэрвію Свабодзе абставіны вывучэньня гэтай трагедыі ацаніў беларускі спэцыяліст, былы пілёт Аляксандар Камароўскі.
У адмысловай заяве Кабінэту міністраў Украіны канстатуецца: тэрарысты пры падтрымцы Расеі спрабуюць зьнішчыць доказы сваёй датычнасьці да гібелі пасажырскага самалёта, якія выконваў рэйс над паветранай прасторай Усходняй Украіны зь Нідэрляндаў у Малайзію. Пра гэта сьведчыць найперш тое, што баевікі не дапускаюць на месца падзеньня лайнэра ні сьледчых украінскай пракуратуры, ні міжнародных экспэртаў, ні назіральнікаў АБСЭ.
20 ліпеня Служба бясьпекі Ўкраіны распаўсюдзіла запіс тэлефонных перамоваў камандзіраў атрадаў самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі», зь якіх вынікае, што «чорныя скрыні» са зьбітага «Боінга» знаходзяцца ў іхнім распараджэньні і будуць выкарыстоўвацца дзеля шантажу ўкраінскіх уладаў — найперш, каб спыніць абстрэлы пазыцый сэпаратыстаў.
Аляксандар Камароўскі шмат гадоў адлятаў на самалётах, аднатыпных з «Боінгам»: спачатку на «Ан-8» і «Ан-12», а падчас службы ў Аўганістане — на вайскова-транспартным «Іл-76». Ён перакананы, што фальсыфікаваць запісы, каб паспрабаваць адвесьці ад сябе падазрэньні ў датычнасьці да забойства мірных людзей, сэпаратысты ды іхнія куратары ў Маскве ня ў стане:
«Тут і бяз „чорных скрыняў“ зразумела, што самалёт зьбілі сэпаратысты. У прынцыпе, што гэтыя скрыні дадуць? Так званыя „чорныя скрыні“ — гэта самапісцы рэжыму палёту, сувязі і г.д. Уласна кажучы, ня ведаю, на што бандыты яшчэ разьлічваюць, бо сытуацыя такая, што яны ня ў стане нешта перакруціць на сваю карысьць — ні Расея, ні сэпаратысты. Чаму? Каб падставіць нейкі іншыя бок, зымітаваць гэты палёт папросту немагчыма. Могуць, вядома, у лябараторных умовах, дапусьцім, паспрабаваць разьлічыць пад сябе час, умовы, але спэцыялісты ўсё гэта хутка расшыфруюць, хутка зразумеюць, што гэта ліпавыя дадзеныя».
Ёсьць таксама зьвесткі, што на спэцыяльным цягніку з гораду Тарэз у невядомым кірунку вывезьлі дзясяткі целаў ахвяраў катастрофы. Экспэрты АБСЭ не выключаюць, што гэта сьведчыць пра намер ізаляваць трупы, якія могуць утрымліваць асколкі ракеты. То бок — схаваць наўпроставыя доказы мэтанакіраванага расстрэлу самалёта. Мяркуецца, што гэткім жа чынам «экспрапрыявалі» і раскурочаныя абломкі самалёта. Спадар Камароўскі перакананы, што спробы замесьці сьляды толькі ўзмацняюць перакананасьць у тым, хто злачынца:
«Чым больш яны будуць заблытваць астатніх, тым больш заблытаюцца самі. Авіяцыя — гэта сур’ёзная рэч, і займаюцца там, што тычыцца высьвятленьня акалічнасьцяў трагедыі, прафэсіяналы, спэцыялісты найвышэйшай клясы. Гэта будзе бачна і паводле рэакцыі Расеі — каго яна падтрымлівае, што яна ў гэтай сытуацыі робіць. Калі, дапусьцім, тыя ж сэпаратысты сапраўды ні пры чым, дык яны, наадварот, павінны цалкам даць доступ назіральнікам. Нічога нават пальцам нельга чапаць — ні фрагмэнты, ні целы, ні іншае. А яны пачынаюць шарахацца. На што яны здольныя? Я ўпэўнены: там ужо негалосна прысутнічаюць расейскія спэцыялісты, якія падказваюць, што і як рабіць. Але яшчэ раз кажу: чым больш гэтай чарнатой будуць займацца, тым горш і для тых, і для другіх. То бок — і для Расеі, і для сэпаратыстаў».
Расейскія афіцыйныя асобы пры масіраванай падтрымцы прапаганды намагаюцца павесіць адказнасьць за зьбіты самалёт малайзійскіх лініяў на ўлады Ўкраіны. Аднак, перакананы экспэрт у авіяцыйных справах Аляксандар Камароўскі, гэтыя патугі нічым не падмацаваныя:
«Расейцы паказваюць, што гэта нібыта праца СБУ Ўкраіны. Але цяпер гэта, лічу, ня так і важна. Сьвет, як кажуць, разьбярэцца. Ёсьць жа і ў Амэрыцы адпаведныя службы, спэцыялісты, якія працуюць над гэтымі пытаньнямі ў літаральным сэнсе не пакладаючы рук. Дый спадарожнікі ўсё зафіксавалі. Прынамсі, Уладзімеру Пуціну я зараз, вядома, не пазайздрошчу. Ужо спрабуе ініцыяваць нейкія перамовы, і, як учора паглядзеў, Парашэнку па імені і па бацьку называць пачынае. Ён разумее, што яму канец прыходзіць. Савецкі Саюз развалілі з аналягічных прычын — уваход у Аўганістан, міжнародныя санкцыі, унутраная напружанасьць у СССР, якая доўга насьпявала. Тое ж зараз адбываецца і ў Расеі. Што там робіцца? Народ Пуціна зусім не вітае. Яны Крымам настрой крыху ўзьнялі, гэтым ілжэпатрыятызмам, а тут рэальная кроў ідзе. І труны прывозяць канкрэтна ў Расею. Людзі ж усё гэта бачаць! Паўтарэньне таго ж Аўганістану, Чачні. І гэта ўжо працуе супраць Пуціна. А тут яшчэ такі пракол з гэтым самалётам».
Служба бясьпекі Ўкраіны настойвае, што «Боінг» Малайзійскіх авіялініяў быў зьбіты ракетай, выпушчанай з комплексу «Бук» у раёне гораду Сьнежнае Данецкай вобласьці, а апэрацыяй, як сьцьвярджаецца, кіравалі расейскія вайсковыя спэцыялісты — сярод апалчэнцаў настолькі добра падрыхтаваных вайскоўцаў папросту няма. На расейскі сьлед паказвае і тое, што неўзабаве пасьля трагедыі гэты і яшчэ некалькі іншых комплексаў «Бук» былі тэрмінова адпраўленыя назад у Расею.