Узьведзены дзесяць год таму будынак зьнішчаецца, бо пляцоўка, на якім ён разьмешчаны, спадабалася гаспадарам «Газпрому».
За арыгінальнае архітэктурнае рашэньне, высокія мастацкія якасьці галоўны архітэктар аўтавакзалу «Маскоўскі» Мікалай Навумаў у 2003 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. А ў 2011 годзе месца, дзе знаходзіцца аўтавакзал, прыглянулася кіраўніку «Газпрому» Аляксею Мілеру. У выніку будынак зьносяць, каб на гэтым месцы зьявіліся офіс «Газпраму», бізнэс-цэнтры, гандлёвыя і забаўляльныя комплексы.
Маскоўскі аўтавакзал грамадзкасьць спрабавала адстаяць. Сабралі больш за 5 тысяч подпісаў на паперы, і 6 тысяч — электронных. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Віктар Талмачоў зьвяртаўся ў дзясяткі інстанцыяў, пачынаючы ад Першамайскага райвыканкаму, Менгарвыканкаму, Менгарсавету. Хадзіў на прыёмы да міністраў, у адміністрацыю прэзыдэнта. Напісаў звароты і ў Маскву, Пуціну, але марна.