Расейскія СМІ: У Турэччыне расейцы і ўкраінцы ўчынілі масавую бойку

Ілюстрацыйнае фота

Паводле камэнтароў «відавочцаў» у сацыяльных сетках, беларускія турысты біліся на баку расейцаў.

У Турэччыне, у адным з гатэляў Кемера паліцыі прыйшлося разьнімаць расейскіх і ўкраінскіх турыстаў, якія ўчынілі бойку. Паведамленьне пра гэта зьявілася ў сацыяльных сетках і было растыражавана расейскімі мэдыямі.

Падставай для масавага пабоішча, як сьцьвярджаюць расейскія мэдыі са спасылкай на відавочцаў, паслужылі рэплікі адпачывальнікаў з Украіны ў дачыненьні да курортнікаў з Расеі. Нібыта пасьля вячэры група кіяўлян прынялася скандаваць «Москаляку на гиляку!». Гэта выклікала жорсткую рэакцыю турыстаў з Санкт-Пецярбурга.

Пасьля сваркі расейцы кінуліся на ўкраінцаў з кулакамі. Па словах аднаго з турыстаў, які назіраў, як разгараўся канфлікт, тое, што адбываецца нагадвала «салун на Дзікім Захадзе».

«Мардабой быў проста да нябёсаў. Біліся шэзлонгамі, крэсламі, тапілі кагосьці ў басэйне гатэля. Прыехала вялікая колькасьць машын паліцыі», — распавёў «сьведка».

Як сьцьвярджаюць некаторыя расейскія мэдыі, беларускія турысты біліся на баку расейцаў.

Публіцыст і аўтар Радыё Свабода Віталь Портнікаў прысьвяціў навіне пра бойку ў Кемеры блог, у якім напісаў:

«Гэта і ёсьць плата за «рускі мір» — устапыраная плянэта і бойкі каля басэйнаў з учорашнімі братамі. ТолькB вар’ят мог захацець узбудзіць у рускіх і ўкраінцаў узаемную нянавісьць. Толькі сьлепакі маглі паверыць у паклёп на тых, каго яны ўчора крывадушна называлі братамі. Толькі ідыёты могуць хацець вайны і красьці чужое. Папраўляйся, просты рускі хлопец. Жыць лепш, калі цябе любяць».