Прэм'ер Брытаніі: Мы паводзім сябе так, нібы Расея патрэбна нам больш, чым мы ёй

Дэйвід

Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран лічыць, што ў дачыненьні да Расеі варта ўжыць больш жорсткія санкцыі, калі Масква ня зьменіць свой падыход да сытуацыі са зьбітым над Украінай авіялайнэрам. У артыкуле, апублікаваным у газэце The Sunday Times, Кэмэран заклікаў Эўропу «не саступаць сваім прынцыпам». Брытанскі прэм’ер прызнае, што многія эўрапейскія краіны не хацелі б супрацьстаяньня з Расеяй. Але, разам з тым, ён адзначае: «Мы часам паводзім сябе так, быццам Расея патрэбна нам больш, чым мы ёй».

У сувязі з катастрофай малайзійскага лайнэра, зьбітага над усходнімі раёнамі Ўкраіны, Кэмэран падкрэсьліў, што, на яго думку, Расея павінна падаць следзтву ўсю неабходную інфармацыю і спыніць падтрымку і падрыхтоўку баевікоў.

Напярэдадні прэзыдэнт ЗША Барак Абама па тэлефоне абмеркаваў з канцлерам Германіі Ангелай Мэркель і Дэвідам Кэмэранам магчымасьць увядзеньня новых санкцый у дачыненьні да Расеі, калі Масква ня будзе спрыяць памяншэньню напружанасьці на ўсходзе Ўкраіны.