Палітвязьня Ігара Аліневіча перавяліў калёнію Віцьба-3, дзе раней адбываў пакараньне былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін.
Бацька палітвязьня Ігара Аліневіча Ўладзімер Аліневіч паведаміў карэспандэнту Свабоды, што ягонага сына перавялі з наваполацкай калёніі ў калёнію Віцьба-3, якая знаходзіцца непадалёк ад Віцебску.
«Мы атрымалі афіцыйнае паведамленьне, што ён знаходзіцца ў калёніі Віцьба-3. Яго туды прызначыў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. І гэта ўсё. Ад яго пакуль адтуль лістоў не было. Што і як — дакладна ня ведаем. Хутчэй за ўсё, патрапіў у карантын і таму пакуль ад яго нічога няма», — сказаў Уладзімер Аліневіч.
У калёніі Віцьба-3 пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году адбываў пакараньне былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін. Спадар Казулін сказаў, што яму вядома пра новае будаўніцтва ў калёніі, таму ўмовы ў ёй цяпер могуць быць лепшыя за часы, як ён там быў.
«Што такое калёнія? У ёй галоўнае не ўмовы, а стаўленьне ахоўнікаў і адміністрацыі, адносіны да вязьняў. А ўмовы там могуць быць ня самыя кепскія», — мяркуе Аляксандр Казулін.
Пра адміністрацыю Віцьбы-3 былы палітвязень нічога не ўзяўся казаць, спаслаўшыся на тое, што там зьмяніўся начальнік.
_________________________________
Ігар Аліневіч раней адбываў пакараньне ў калёніі ў Наваполацку, якая лічылася самай дрэннай паводле экалёгіі. Ў пачатку году было прынятае рашэньне аб расфармаваньні гэтай калёніі.
Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 год зьняволеньня за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны палітвязень не прызнаў.