Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Валянцін Налівайчанка заявіў, што малайзійскі пасажырскі самалёт быў зьбіты баевікамі ДНР з зэнітна-ракетнай устаноўкі «Бук-5М». Пра гэта ён сказаў сёньня на брыфінгу, паведамляе LB.UA.
Паводле ягоных слоў, зэнітна-ракетны комплекс тэрарыстам паставіла Расея.
«14 ліпеня зьявілася першае паведамленьне, што ў тэрарыстаў ёсьць „Бук“, але пацьверджаньня не было. 17 ліпеня, у дзень трагедыі, перадалі баевікам „Бук-5М“ з экіпажам, пераправілі каля Сухадольску з Расеі», — адзначыў Налівайчанка.
У той жа дзень тэрарыстам пераправілі з Расеі тры самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Гвоздика».
Налівайчанка паведаміў пра затрыманьне памежнікамі і СБУ двух грамадзянаў РФ на мяжы ў Данецкай вобласьці.
«Абодва з расейскімі пашпартамі, адзін нават з ваенным білетам, дзе пазначана „карэкціроўшчык агню“», — адзначыў ён.