«Адбылася жудасная трагедыя» — заявіў прэзыдэнт ЗША Барак Абама наконт зьбітага над украінскай тэрыторыяй малазійскага авіялайнэра.
Абама дадаў, што ЗША прапануюць любую дапамогу, якую толькі магчыма, для высьвятленьня прычын таго, што адбылося.
У афіцыйнай заяве Белы дом заклікаў Расею, прарасейскіх сэпаратыстаў і Ўкраіну неадкладна спыніць агонь у мэтах забесьпячэньня бесьперашкоднага і бясьпечнага доступу да месца крушэньня самалёта для міжнародных дасьледчыкаў, каб высьветліць прычыны трагедыі.
Заклік правесьці міжнароднае дасьледаваньне прычынаў катастрофы прагучаў з вуснаў міністра замежных спраў Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера і міністра замежных спраў Аўстраліі Джулі Бішап.
«Незалежна ад абставін мы заклікаем сэпаратыстаў супрацоўнічаць з расьсьледаваньнем гэтага крушэньня. Калі яны маюць чорны скрынку, яна павінна быць неадкладна перададзеная ўладам. Гэты выпадак падкрэсьлівае неабходнасьць дээскаляцыі напружанасьці ва ўсходняй Украіне» — сказала Бішап. На борце разьбітага самалёта, які ляцеў зь Нідэрляндаў у Малайзію, былі 27 грамадзянаў Аўстраліі.
Гілары Клінтан, былы дзяржсакратар ЗША і магчымы кандыдат на наступных прэзыдэнцкіх выбарах, сказала ў тэлеінтэрвію, што «расьце ўсьведамленьне» таго, што малазійскі «Боінг» быў зьбіты над Украінай «расейскімі баевікамі» (Russian insurgents).
«Мы моцна занепакоеныя ня толькі тым, што быў зьбіты пасажырскі самалёт, але і тым, што гэта азначае для канфлікту, які працягваецца ва ўсходняй Украіне, і якую ролю адыгрывае ў ім Расея» — заявіла Клінтан.
Былы дзяржсакратар дадала, што калі Расея сапраўды акажацца вінаватай у гэтай трагедыі, санкцыі супраць Расеі павінны быць узмоцненыя, і Эўропа павінна адмовіцца ад імпарту расейскіх энэрганосьбітаў.