Беларус — перамоўшчык паміж Кіевам і мяцежным Данбасам

Мікалай Якубовіч, фота kyivpost.com

Мікалай Якубовіч — быў адным з сотнікаў самаабароны Майдану, 2 траўня ў Горлаўцы трапіў у палон да сэпаратыстаў. З дапамогай калегаў ён быў вызвалены і стаў перамоўшчыкам, каб дапамагчы іншым палонным. Цяпер ён — неафіцыйны кансультант сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Андрэя Парубія. Якубовіч раней служыў у беларускай міліцыі, але пабраўся шлюбам з украінкай і пераехаў ва Ўкраіну на сталае жыхарства ў сярэдзіне нулявых. У інтэрвію ўкраінскаму англамоўнаму выданьню Kyiv Post ён распавёў пра сваю місію. Прапануем вам пераклад інтэрвію ў скароце.

KP: Колькі чалавек у цяперашні час у закладніках у сэпаратыстаў паводле вашых ацэнак?

Якубовіч: На Луганшчыне гэта каля 150 чалавек, а ў Данецку і Горлаўцы таксама больш за 100, верагодна, блізка да 120. Ёсьць прынамсі 20 чалавек ў Горлаўцы, грамадзянскія актывісты, якіх захапілі баевікі.

KP: Колькі сэпаратыстаў і наёмнікаў зьняволеных на другім баку?

Якубовіч: Ёсьць лічба, але я не магу вам яе назваць. Колькасьць увесь час мяняецца, некага, дапытаўшы, вызваляюць. Цяпер ёсьць больш за 200 чалавек арыштаваных, адносна якіх вядзецца крымінальнае дасьледаваньне.

KP: Дзе яны ўтрымліваюцца — ў Кіеве ці ў Данбасе?

Якубовіч: Большасьць — у Кіеве. Некаторыя зь іх знаходзяцца ў папярэднім зьняволеньні ў Днепрапятроўскай і Харкаўскай абласьцях.

KP: Хто прымае рашэньні аб абмене вязьнямі?

Якубовіч: Гэта вельмі складаны працэс, які, як усе гэтыя працэдуры ў цяперашні час, завязаныя на прэзыдэнце, на адміністрацыі прэзыдэнта. Існуе пэўны пэрсанал, які атрымлівае інфармацыю аб некаторых прапановах, якія потым разглядаюцца, і прымаецца рашэньне.

KP: Мы размаўлялі з жонкай аднаго са зьняволеных, Васіля Будзяка. Яна сказала, што быў плян абмену шэрагу людзей, захопленых сэпаратыстамі, на Вольгу Кулыгіну, а потым усё гэта было спынена адміністрацыяй прэзыдэнта. Чаму?

Якубовіч: Былі некаторыя дэталі, пра якія я не магу гаварыць. Усё мяняецца кожны дзень. Некаторыя зьмены адбыліся ў Данецкай і Луганскай абласьцях, потым узьнікла ў нас праблема, калі была захопленая і вывезеная ў Расею лётчыца Надзея Саўчанка. Існуе цэлы шэраг людзей, якія былі ўзятыя ў палон, але мы ня можам вызначыць іх месцазнаходжаньне. Мы падазраем, што яны, магчыма, былі дастаўленыя ў Расею. Мы спрабуем высьветліць.

KP: А затрыманыя ў Данбасе — гэта пераважна хто?

Якубовіч: У асноўным гэта прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, якія падтрымлівалі Ўкраіну. У апошні час мы таксама назіраем рост колькасьці прадпрымальнікаў, заможных людзей, захопленых дзеля атрыманьня выкупу.

KP: Колькі людзей вам удалося вызваліць?

Якубовіч: З таго часу, як быў вызвалены я, вызвалена больш за 50 чалавек. Я быў свайго кшталту «першай ластаўкай». Разам са мной вызвалілі яшчэ чатырох актывістаў, а затым яшчэ тры чалавекі былі вызваленыя позна ўвечары па дамове двух бакоў. Яны былі грамадзянскія актывісты, іх жорстка зьбівалі і яны мелі патрэбу ў мэдычнай дапамозе.

KP: Ці праўда, што цяпер большасьць вызваленьня адбываецца за выкуп?

Якубовіч: Ёсьць шмат выпадкаў выкупу. Абмен людзей на людзей адбываецца ў выпадку, калі яны маюць пэўны ранг сярод сэпаратыстаў ці ва ўкраінскай дзяржаве.

KP: Калі вы былі ў палоне, дзе вас трымалі?

Якубовіч: Спачатку я знаходзіўся ўнутры будынку абласной адміністрацыі (у Данецку), а потым у тэлецэнтры. Мяне ўтрымліваў данецкі філіял «Апоры», якая аддзялілася ад адпаведнай харкаўскай арганізацыі і пазыцыянуе сябе як Руская Праваслаўная Армія. Але іх рэлігійная ідэалёгія зьвязаная з нэапаганствам. Яны называюць сябе праваслаўнымі, але яны носяць знак калаўроту (падобны на свастыку). Я спытаўся ў іх, ці яны зьяўляюцца праваслаўнымі Маскоўскага Патрыярхату, і яны сказалі, што існуе больш старажытная вера. Што праваслаўнае хрысьціянства няправільнае, яно прыйшло пазьней, і гэтак далей.

KP: Як вас утрымлівалі?

Якубовіч: У першы дзень былі пагрозы зьбіць ці забіць. Але калі яны пачалі разумець, што я быў больш цікавы з пункту гледжаньня абмену, іх стаўленьне палепшылася.

KP: Наколькі рэальныя былі гэтыя пагрозы? Ці забіваюць яны некага?

Якубовіч: У маёй прысутнасьці забойстваў не было, але пагроза існуе. Былі два выпадкі, якія я бачыў, калі людзі, якіх не вучылі, як абыходзіцца з агняпальнай зброяй, выпадкова стралялі зь яе. Усё можа здарыцца.

KP: Хто ініцыюе абмены?

Якубовіч: Мы спрабуем праяўляць ініцыятыву, таму што тут, на ўкраінскім баку, тыя, каму прад’яўленыя крымінальныя абвінавачваньні, забясьпечаныя мэдычнай дапамогай, харчаваньнем і гэтак далей. А на тым баку людзі часта трымаюцца ў жывёльных умовах. Напрыклад, адзін чалавек з Ясінаватай быў затрыманы і правёў зьняволеньне у жудасных умовах, гэта было цуд, мы выцягнулі яго. Раман Сьвітан, дарадца губэрнатара Сяргея Таруты, таксама меў патрэбу ў мэдычнай дапамозе, таму што ён атрымаў інфэкцыю, калі быў паранены падчас захопу.

KP: Чаму не існуе ніякага афіцыйнага статусу групы перамоўшчыкаў, якія вызваляюць палонных?

Якубовіч: Таму што тыя, на ўсходзе Ўкраіны — тэрарысты, чальцы незаконных фармаваньняў і зь імі няма ніякіх афіцыйных перамоваў. Таму няма і афіцыйных перамоўшчыкаў.