«Лукашэнка на падтанцоўцы ў Пуціна, нейкай асобнай палітыкі ён не праводзіць», — заявіў Радыё Свабода дэпартаваны зь Беларусі народны дэпутат Ўкраіны Аляксандр Брыгінец па вяртаньні ў Кіеў.
Брыгінца дэпартавалі зь Менску ва ўкраінскую сталіцу сёньня, 17 ліпеня, каля восьмай ранку. Ноч ён правёў у менскім аэрапорце пад аховай. Беларускія памежнікі на час затрыманьня забрала ў яго дыпляматычны пашпарт.
А ось так виглядає депортація: pic.twitter.com/gp1rj3D2Jj
— Олександр Бригинець (@bryhynets) 17 июля 2014
Як паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-цэнтр Дзяржпамежкантролю Беларусі, украінскі дэпутат Аляксандр Брыгінец знаходзіцца ў сьпісе асобаў, уезд якіх у Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі забаронены. Прычына ўнясеньня ў сьпіс звычайна не ўказваецца. Сьпіс фармуецца праваахоўнымі органамі Беларусі і Расеі.
Народны дэпутат Вярхоўнай рады Ўкраіны Аляксандр Брыгінец быў затрыманы ў аэрапорце Менску 16 ліпеня. У складзе дэлегацыі ён ехаў да расейскага Варонежу, каб назіраць за справай захопленай сэпаратыстамі і перададзенай у Расею ўкраінскай ваеннай лётніцы Надзеі Саўчанкі.
Спадар Аляксандр, на якой падставе вы былі затрыманыя ў менскім аэрапорце і чаму вам не дазволілі паляцець у Варонеж?
Вашыя службы не патлумачылі, чаму яны мяне затрымалі. На мае пытаньні адказвалі, што яны не гавораць такія рэчы. Няма ніводнага дакумэнта, які б праясьніў маё затрыманьне, што ёсьць парушэньнем усіх міжнародных дамоваў. У мяне на час забралі дыпляматычны пашпарт. Я быў пад арыштам, бо ня мог выйсьці з пакою, дзе мяне трымалі зачыненым. Патлумачыць, на які час і па якой прычыне я быў пазбаўлены права ўезду ў Беларусь, мне адмовіліся.
Можа, былі нейкія нефармальныя размовы з памежнікамі ці супрацоўнікамі аэрапорту, якія маглі б нешта праясьніць?
Так, былі. Са словаў памежнікаў мне стала зразумела, што гэта ўказаньне з Расеі, якое зьвязанае з маёй дэпутацкай дзейнасьцю. Добра вядома, што я, як і большасьць украінскага народу зь вялікай грэблівасьцю стаўлюся да Пуціна і яго банды.
Як вы правялі ноч? Ці былі забясьпечаныя належныя бытавыя ўмовы для вашага знаходжаньня ў аэрапорце?
У мяне была вада. Мне нават прынесьлі нейкі сэндвіч. І я глядзеў вашыя тэлеканалы. Я жахнуўся ад таго, што вам даводзіцца глядзець па тэлевізары. Адзінае, што можна зразумець, гледзячы беларускае тэлебачаньне, — тое, што ў сьвеце нічога не адбываецца, акром танцулек і вялікага Пуціна. А таксама я зразумеў, што Беларусь вынайшла цудоўны напой з бульбы, якія цяпер мае засланіць сабой усе іншыя напоі ў сьвеце. Такі інфармацыйны падыход адпавядае часу канца Савецкага саюзу. Таму я лічу, што канец вашай дыктатуры таксама набліжаецца.
Вы напісалі ў фэйсбуку, што «наступным разам прыедзеце ў Расею і Беларусь, калі ўпадзе рэжым Пуціна». А чаму не тады, калі ўпадзе рэжым Лукашэнкі? Усё ж вы былі затрыманыя на тэрыторыі Беларусі, а не Расеі...
Я думаю, што такія слабыя палітыкі заўсёды робяць так, як ім кажуць моцныя палітыкі. Як толькі зьменіцца рэжым Пуціна, адразу зьменяцца падыход рэжыму Лукашэнкі, нават калі ён і застанецца ва ўладзе. Таму ў дадзеным выпадку трэба гаварыць пра палітыку Пуціна, а не Лукашэнкі. Відавочна, што Лукашэнка на падтанцоўцы ў Пуціна, нейкай асобнай палітыкі ён не праводзіць.
Вы вандравалі ў Варонеж разам зь іншымі паліыткамі і праваабаронцамі. Чаму не затрымалі іх?
Усе палітыкі розныя. Адны жорска выказваюцца пра Януковіча, іншыя — больш ляяльна. Таму хутчэй за ўсё, з тых дэпутатаў, якія былі ў дэлегацыі, Пуцін лічыць мяне сваім ворагам. Я дзякую Пуціну за высокую ацэнку маёй работы і зраблю ўсё магчымае, каб у яго было яшчэ больш падстаў так высока мяне ацэньваць.
Ноччу Аляксандра Брыгінца наведаў украінскі консул, які аказаў палітыку магчымую юрыдычную дапамогу, а таксама паспрыяў у арганізацыі яго знаходжаньня ў аэрапорце і вяртаньня ў Кіеў.
«Аляксандр Брыгінец быў затрыманы памежным атрадам Беларусі на тэрыторыі Беларусі, у беларусім аэрапорце. Таму назваць прычыну затрыманьня і дэпартацыі можа толькі беларускі бок. Цягам усёй ночы нашая дыпляматычная ўстанова забясьпечыла Аляксандра Брыгінца неабходнай дапамогай. І сёньня раніцай ён паляцеў у Кіеў», — паведаміла прэс-сакратарка амбасады Ўкраіны Марыя Гуцала.