Амэрыканскі лідэр абвінаваціў Расею ў парушэньні сувэрэнітэту Ўкраіны і адмове рабіць крокі да ўрэгуляваньня крызісу.
Прэзыдэнт Барак Абама заявіў, што ЗША ўводзяць санкцыі супраць ключавых сэктараў расейскай эканомікі ў сувязі з роляй Масквы ва ўкраінскім канфлікце.
Пра гэта паведамляе служба навінаў «Голасу Амэрыкі».
Паводле словаў Абамы, ён і эўрапейскія лідэры неаднаразова заклікалі расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна спыніць патокі ўзброеных людзей і зброі празь мяжу з Украінай, а таксама заклікаць прарасейскіх сэпаратыстаў вызваліць закладнікаў, пагадзіцца са спыненьнем агню і ўступіць перамовы пры ўдзеле пасярэднікаў.
Замест гэтага, заявіў Абама, прэзыдэнт Пуцін ўзмацніў падтрымку сэпаратыстаў, парушаючы сувэрэнітэт Украіны.
«З улікам, што працягваюцца правакацыі ва Ўкраіне, сёньня я ўхваліў новую сэрыю санкцый супраць некаторых найбуйнейшых расейскіх кампаній і фінансавых інстытутаў», — сказаў прэзыдэнт.
Новыя санкцыі накіраваныя супраць некаторых элемэнтаў фінансавага, энэргетычнага і абароннага сэктараў расейскай эканомікі. Яны ўключаюць замарожваньне актываў некалькіх расейскіх абаронных кампаній і абмяжоўваюць доступ буйных энэргетычных кампаній, такіх як «Новатек» і «Роснефть», да амэрыканскага рынку капіталу. Пад санкцыі таксама трапілі восем расейскіх кампаній, якія займаюцца вытворчасьцю ўзбраеньняў, уключаючы стралковую зброю, мінамётныя снарады і танкі.
«Гэтыя санкцыі значныя, але яны таксама носяць накіраваны характар і разьлічаныя так, каб яны аказалі максімальнае ўзьдзеяньне на Расею, але мелі абмежаваны эфэкт на амэрыканскія кампаніі або кампаніі нашых хаўрусьнікаў», — адзначыў Абама.
Белы дом паведаміў, што зацьвердзіў санкцыі пасьля цесных кансультацый з яго эўрапейскімі партнёрамі, якія разглядаюць магчымасьць увядзеньня жорсткіх мер супраць Расеі.
Аб’ява пра ўвядзеньне санкцый зьявілася на фоне паведамленьняў Пэнтагона пра тое, што Расея ўзмацніла канцэнтрацыю сваіх войскаў ля мяжы з Украінай да 10 тысяч вайскоўцаў. У чэрвені іх было каля тысячы.
«Мы чакаем, што расейскае кіраўніцтва зноў ўбачыць, што яго дзеяньні ва Ўкраіне цягнуць за сабой наступствы, уключаючы паслабленьне расейскай эканомікі і ўзмацненьне дыпляматычнай ізаляцыі», — заявіў Абама.
Адзін высокапастаўлены супрацоўнік адміністрацыі ахарактарызаваў пакет уведзеных санкцый як «шырокі, гнуткі і магутны інструмэнт». Ён папярэдзіў, што санкцыі могуць быць выкарыстаныя для ўзмацненьня ціску на Расею, калі яна не распачне канкрэтныя крокі па спыненьні крызісу.
Як тлумачыць у сваім камэнтары агенцтва Associated Press санкцыі адносна чатырох найбуйнейшых расейских кампаній азначаюць абмежаваньне іх доступу да крэдытаў і пазыкаў з боку фірмаў, якія маюць сувязі са Злучанымі Штатамі. Пры гэтым санкцыі не прадугледжваюць блякаваньня актываў гэтых кампаній, а таксама забароны на камэрцыйныя зьдзелкі з гэтымі кампаніямі грамадзянаў ЗША і фірмаў, зьвязаных з ЗША.
Прадстаўнікі амэрыканскага бізнэсу, у прыватнасьці, гандлёвай палаты, выказваюць занепакоенасьць тым, што калі амэрыканскія санкцыі санкцыі будуць нашмат больш жорсткімі, чым санкцыі Эўразьвязу, то амэрыканскія кампаніі, якія працуюць у Расеі, стануць ўразьлівымі для расейскіх рэпрэсій у адказ.
Агенцтва ў сваім камэнтары падкрэсьлівае, што новыя санкцыі ЗША не накіраваныя на падрыў бізнэсу расейскіх кампаній і ня маюць на мэце перашкодзіць іх міжнародным праектам, у прыватнасьці, сумеснаму праекту «Раснафты» і амэрыканскай нафтавай кампаніі Exxon Mobil.
Кіраўнік «Раснафты» Ігар Сечын назваў санкцыі неабгрунтаванымі, бо «Раснафта» не мае дачыненьня да крызісу ва Ўкраіне. Выступаючы перад журналістамі ў Бразыліі, ён сказаў, што «Раснафта» ў стане выконваць свае праекты без прыцягненьня амэрыканскіх крэдытаў.
Ён заявіў, што санкцыі будуць шкодзіць амэрыканскім акцыянэрам «Раснафты» і яе партнэрам з амэрыканскіх банкаў, ён запэўніў, што «Раснафта» будзе працягваць супрацоўніцтва з Exxon Mobil. «Зараз мы кансультуемся зь юрыстамі Exxon і папярэдне лічым, што гэтае рашэньне не паўплывае на рэалізацыю нашых бягучых праектаў», — сказаў Ігар Сечын.