У Маскве каля 10 тысяч чалавек прыйшлі ў сераду ў Сахараўскі цэнтр разьвітацца з грамадзкай дзяячкай, журналістам, апазыцыйным палітыкам Валерыяй Навадворскай, якая памерла 12 ліпеня.
Урну з прахам памерлай пахавалі на Данскіх могілках.
Валерыя Навадворская зь юнацтва была актыўнай удзельніцай савецкага дысыдэнцкага руху. У 1969 годзе, калі ёй было ўсяго 19 гадоў, Навадворскую судзілі з абвінавачваньнем у антысавецкай агітацыі, а затым накіравалі на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычную клініку.
Усяго ў савецкі пэрыяд Навадворскую некалькі разоў судзілі і 17 разоў арыштоўвалі.
У 1988 годзе яна стала адным з заснавальнікаў партыі «Дэмакратычны саюз».
У сакавіку 2010 году падпісала зварот расейскай апазыцыі «Пуцін павінен сысьці».
Валерыя Навадворская была ўдзельніцай шматлікіх праграм Радыё Свабода.