Мыта ўведзенае ў адказ на дыскрымінацыйныя і несяброўскія дзеяньні Беларусі ў адносінах да ўкраінскіх вытворцаў напояў і прадуктаў харчаваньня.
Яны будуць дзейнічаць да 2017 году.
Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва УНІАН.
Для беларускіх аўтамабільных, аўтобусных пакрышак, а таксама шынаў для выкарыстаньня на сельскагаспадарчых або лесагаспадарчых транспартных сродках Украіна ўводзіць мыта ў памеры 60,05% ад мытнага кошту. Акрамя таго, на лядоўні беларускай вытворчасьці Ўкраіна ўводзіць спэцмыта ад 55,29% да 60,05% у залежнасьці ад аб’ёму халадзільных камэр.
На электрычныя лямпы, мінэральныя і хімічныя ўгнаеньні з утрыманьнем азоту, фосфару і калію, а таксама на малако, вяршкі, ёгурты, кефір, сьметанковае масла, кандытарскія вырабы з цукру, шакаляд і мучныя прысмакі, якія імпартуюцца зь Беларусі, уводзіцца пошліна ў памеры 55,29% ад мытнага кошту гэтай прадукцыі.
Для беларускага соладавага піва Ўкраіна ўводзіць мыта ў памеры 60,05% ад мытнага кошту. Спэцыяльнае мыта да названых тавараў будзе прымяняцца да 31 сьнежня 2016 году. Рашэньне камісіі ўступае ў сілу праз 10 дзён з моманту апублікаваньня.
З 1 траўня Беларусь увяла ліцэнзаваньне імпарту піва з-за межаў Мытнага саюзу. Украінскія вытворцы піва назвалі гэта дыскрымінацыйным і паведамілі, што ў Беларусі ад іх запатрабавалі падвысіць розьнічную цану на сваю прадукцыю больш як удвая, што аўтаматычна робіць украінскае піва неканкурэнтаздольным на беларускім рынку. Аналягічныя захады Беларусь ужыла і адносна ўкраінскіх кандытарскіх вырабаў.
Паводле дадзеных Дзяржаўнай фіскальнай службы, у першым паўгодзьдзі 2014 году Беларусь паставіла ва Ўкраіну малака і вяршкоў на 1,3 млн даляраў, што складае 46% ад агульнага імпарту гэтай прадукцыі.
Аснову ўкраінскага імпарту з Рэспублікі Беларусь складаюць нафтапрадукты, трактары і седлавыя цягачы, мэталапрадукцыя, лядоўні і маразільнікі, шыны, палімэры этылену, мінэральныя і калійныя ўгнаеньні, аўтамабілі грузавыя, тара плястмасавая, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, часткі і абсталяваньне для аўтамабіляў і трактароў, сельскагаспадарчая тэхніка, кордныя матэрыялы і сынтэтычныя валокны.