Гэты вэтэран Грамадзянскай вайны зусім нядаўна атрымаў ад прэзыдэнта Бэнджаміна Гарысана запрашэньне ачоліць іміграцыйную станцыю на востраве Эліс, што знаходзіцца ў нью-ёрскай затоцы, аднак паколькі станцыя толькі будуецца, палкоўніку Ўэбэру трэба знайсьці адказ на пытаньне, якое даўно турбуе амэрыканскі ўрад: чаму такая вялікая колькасьць расейскіх габрэяў хоча аказацца ў Амэрыцы?
Палкоўнік Ўэбэр сумленна выканаў сваё заданьне, наведаўшы шэраг гарадоў тагачаснай Расеі і сустрэўшыся з рознымі людзьмі — ад самых багатых да самых бедных. Пабываў ён у тым ліку і на беларускіх землях — у Менску і Горадні. Апошняя яму запомнілася асабліва, бо там палкоўніка выклікалі ў пастарунак, дзе малады і старанны чыноўнік вырашыў пацікавіцца мэтай прыезду гэтага падазронага амэрыканца — напэўна ж нічога добрага ён наўме ня мае. Сьціплы вайсковец, разумеючы, чым пахне такі выклік, наважыўся на рашучыя меры: па-першае, наняў самы шыкоўны ў Горадні экіпаж, што зусім не адпавядала яго характару і ладу жыцьця, а па-другое, разам са сваім перакладчыкам загадзя паклапаціўся пра дзесяць рублёў хабару, якія ўпісаў потым у каштарыс падарожжа. Сустрэча (калі можна яе так назваць) у пастарунку прайшла пасьпяхова, аднак агульнага ўражаньня ад Расейскай імпэрыі не палепшыла. У справаздачы па габрэйскім пытаньні Ўэбэр піша наступнае: «З нашага боку было б не па-чалавечы запіхваць тых людзей назад у нару, зь якой яны выпаўзьлі. Калі мы так робім, то выбіваем зьніч з выцягнутай рукі нашай Багіні Свабоды ў прыгожай нью-ёрскай затоцы».
У кнізе-рэпартажы «Востраў-ключ» (Wyspa klucz, 2009) польская журналістка Малгажата Шэйнарт паказвае ня толькі агульную карціну бурнага імігранцкага руху ў Амэрыку, пік якога прыпаў на канец ХІХ — першую чвэрць ХХ стагодзьдзя, то бок на часы існаваньня іміграцыйнай станцыі на востраве Эліс, што ў найлепшыя свае гады прымала пяць-сем тысяч чалавек у дзень, але і прасочвае лёсы паасобных перасяленцаў і працаўнікоў станцыі. У пасьляслоўі аўтарка адзначае: «Чым больш інфармацыі я зьбірала, тым больш пераконвалася, што мушу аддаваць увагу ня толькі імігрантам, але і тым, хто іх прымаў (ці адштурхоўваў). “Востраў-ключ” — гэта выяўленьне такога перакананьня».
Асаблівае месца ў кнізе адведзенае тром самым актыўныя камісарам станцыі: згаданаму вышэй палкоўніку Ўэбэру (яго тэрмін — 1890-1893; дарэчы, менавіта ён быў генэральным камісарам панамэрыканскай выставы ў Буфала 1901 году, на якой сьмяротна ранілі тагачаснага прэзыдэнта ЗША Ўільяма Мак-Кінлі: «Ён [Уэбэр] абараняў імігрантаў, а прэзыдэнта застрэліў нашчадак перасяленцаў, Леан Чолгаш, паляк паводле паходжаньня»); Уільяму Ўільямсу (1902-1905) і Робэрту Ўатхорну (1905-1909) — менавіта падчас яго тэрміну станцыя прыняла найвялікшую колькасьць імігрантаў. 17 красавіка 1907 году праз востраў Эліс праходзіць 11 747 чалавек.
Гісторыі людзей (як па той, так і па гэты бок прыёмнага акенца) пераплятаюцца ў кнізе з гісторыяй самога вострава, што пачалася з вустрыц і індзейцаў лені-ленапэ (даслоўна — «сапраўдныя людзі», больш вядомыя нам пад назвай дэлавары), будынкаў, частка зь якіх на сёньняшні дзень месьціць Музэй іміграцыі, а частка дагэтуль закінутая і занядбаная, і рэчаў. Адзін зь герояў рэпартажаў Малгажаты Шэйнарт — кручок для зашпільваньня чаравікаў і пальчатак, «buttonhook», рэч сёньня абсалютна непатрэбная і забытая. Адной з хваробаў, што закрывала імігрантам шлях у Амэрыку, была трахома, інфэкцыйнае захворваньне вачэй, правяраць на якое было вельмі зручна, акуратна і бясьпечна адсоўваючы павеку з дапамогай гэтай надзвычай распаўсюджанай тады бытавой прылады.
Але самыя цікавыя, бадай што, героі, якія праходзяць праз усю кнігу і дапамагаюць аўтарцы расказаць пра розныя аспэкты жыцьця вострава Эліс — гэта дзьве жанчыны, ірляндка Эні Мур і полька Францішка Ягельска. Калі гісторыя першай — гэта амаль кур’ёз (аказаўшыся першай імігранткай, што ступіла на бераг новай станцыі на востраве Эліс, і атрымаўшы з гэтай нагоды ў падарунак 10 даляраў, яна надоўга зьнікла з вачэй гісторыкаў — так надоўга, што калі ёй вырашылі паставіць на востраве помнік, то памылкова знайшлі зусім іншую Эні, чыё аблічча ў выніку ўвекавечыла памяць пра ўсіх тых, хто прыехаў у Амэрыку шукаць шчасьця і зрабіўся яе часткай), то гісторыя другой — гэта прыклад трагічнага зьбегу абставінаў, нярэдкага ў тыя часы ў тым ліку на беларускіх землях. Муж Францішкі выпраўляецца ў Амэрыку і неўзабаве, атабарыўшыся там, кліча да сябе жонку зь дзецьмі і высылае ёй квіток на карабель. Аднак лісты амэрыканскіх перасяленцаў, адрасаваныя сваякам, што жывуць на тэрыторыі Расейскай імпэрыі, перахоплівае цэнзура: царскі ўрад не зацікаўлены ў тым, каб працоўная сіла эмігравала ў іншыя краіны. Безьліч гэтых лістоў, поўных суму па блізкіх ці нават папрокаў за доўгае маўчаньне («адкажы мне, ці атрымала ты ліст, а калі ня хочаш адказваць ці злуеш на мяне, а ці не захоўваеш мне вернасьць, то я таксама магу раззлавацца і сказаць табе пару ласкавых, бо ў Амэрыцы за малыя грошы можна прыдбаць шмат жонак», — так са штата Пэнсільванія піша ў Дульск Ёзаф Ягельскі), было знойдзена потым у архівах: яны так ніколі і ня трапілі да адрасатаў. Зрэшты, Францішка Ягельска ў Амэрыку ўсё ж выпраўляецца — праз дваццаць гадоў яе імя аказваецца ў карабельных сьпісах, але ці атрымалася ў яе сустрэцца з мужам і ці не знайшоў ён на той момант новую жонку, невядома.
Некаторыя імігранты, пасьпяхова прайшоўшы кантроль і ступіўшы на амэрыканскую зямлю, празь некаторы час вяртаюцца на востраў ужо ў ролі яго працаўнікоў. Так здарылася зь Якубам Аўэрбахам, які прыехаў у Амэрыку са штэтла пад Брэстам-Літоўскім. Ангельскую мову ён вывучыў з дапамогай падручніка Аляксандра Гаркаві, яшчэ аднаго беларускага габрэя, які нарадзіўся ў Наваградку і ў свой час таксама перасяліўся ў ЗША. Вярнуўшыся на востраў Эліс працаваць інспэктарам, Якуб Аўэрбах больш за ўсё радаваўся уніформе: «У Эўропе я быў дзіцём. Бачыў там паліцыю. Бачыў, як яна ставілася да людзей. Ты быў нікім. <...> Для мяне хтосьці ва ўніформе — гэта хтосьці вельмі значны, добра гэта ці дрэнна, але ён — значны. І я магу мець уніформу, насіць уніформу і быць шанаваным? Да мяне могуць ставіцца з павагай, я магу атрымліваць добры заробак і мець вельмі прыемную працу? Чаго яшчэ можа жадаць бедны імігрант?»
Пасьля Другой сусьветнай вайны іміграцыйная станцыя на востраве Эліс, чыя рэпутацыя, і да таго празь вялікую колькасьць адмоваў і дэпартацыяў была не зусім добрая, псуецца канчаткова (страх перад фашызмам і камунізмам прымушае ўлады надоўга затрымліваць на востраве перасяленцаў і бежанцаў, ператвараючы яго амаль у турму, а таксама высылаць празь яго ў Эўропу безьліч падазроных асобаў, часта без асаблівых падставаў), зачыняецца. Востраў на доўгі час аказваецца забытым і нікому не патрэбным, ажно пакуль 10 верасьня 1990 году, за два гады да стогадовага юбілею станцыі, тут не адчыняецца Музэй іміграцыі. Цяпер героі Малгажаты Шэйнарт — гэта працаўнікі і фундатары музэю, многія зь якіх — нашчадкі тых імігрантаў, чыё жыцьцё ў Амэрыцы пачалося менавіта з вострава Эліс. Сярод іх — Джанэт Левін, якая робіць інтэрвію з былымі імігрантамі: яе дзед з бабкай — Абрам Левін і Цэлія Эйг — прыбылі ў Амэрыку зь Менску.
«Востраў-ключ» заканчваецца тым жа, чым і пачынаўся. На востраў, празь які цяпер праходзіць ці ня столькі ж турыстаў, колькі раней праходзіла імігрантаў, вяртаюцца для паўторнага пахаваньня рэшткі індзейцаў лені-ленапэ, «сапраўдных людзей», якія калісьці, ратуючыся ад эўрапейскай экспансіі, зьбеглі з вострава, прадаўшы яго галяндцам за «пачак розных тавараў». Ёсьць надзея, што ў нью-ёрскую затоку аднойчы вернуцца і вустрыцы (нейкі час Эліс называўся востравам Вустрыц), якімі раней кармілася ўсё ўзьбярэжжа, — вада ў затоцы робіцца ўсё чысьцейшай. Вось толькі сам востраў, які за апошнія 200 гадоў вырас больш, чым у шэсьць разоў, ужо ніколі ня зробіцца такім, якім ён быў. Дарэчы, усе архівы станцыі, уключна з тымі карабельнымі сьпісамі, якія захаваліся да нашых дзён, цяпер адкрытыя. Кожны можа зайсьці на сайт Музею іміграцыі і пашукаць сваіх продкаў, што аднойчы кінулі ўсё, селі на карабель і трапілі на парог Амэрыкі — востраў Эліс.