У Луганску 15, 16 і 17 ліпеня абвешчаныя днямі жалобы ў сувязі са шматлікімі ахвярамі сярод мірнага насельніцтва падчас баёў паміж украінскімі войскамі і прарасейскімі сэпаратыстамі.
Такое рашэньне прыняў Луганскі гарадзкі галава Сяргей Краўчанка, паведамляе сайт гарсавету Луганску.
«Апошнія дні сталі чорнымі старонкамі ў жыцьці нашага гораду. Гора і смутак прыйшлі ў наш агульны дом Луганск. У выніку ўзброеных сутыкненьняў мы губляем самае дарагое, што ў нас ёсьць, — жыцьцё ні ў чым не вінаватых луганчан, якія падчас абстрэлаў знаходзіліся не на лініі фронту, а ў жылых масівах», — зьвярнуўся мэр да жыхароў гораду.
«Толькі за апошнія тры дні загінулі 17 мірных жыхароў, 73 чалавекі атрымалі раненьні», — заявіў ён.
У сувязі з трагічнымі падзеямі Краўчанка абвясьціў 15, 16 і 17 ліпеня днямі жалобы ў Луганску.
«Выказваю свае спачуваньні родным і блізкім загіблых. Вечная памяць. У гэтыя цяжкія дні ўсё луганчане ў скрусе разам з вамі», — падкрэсьліў ён.