Неэфэктыўныя сельгаспрадпрыемствы, якія цягам паўгода не пазбавяцца ад стратаў, будуць прыватызаваныя, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 ліпеня.
«Мы дамовіліся, што мы павінны падтрымаць тых, хто сёньня можа выйсьці на бясстратную працу і працаваць самастойна. А тым, хто ня хоча і ня можа, мы павінны даць тэрмін як мінімум да канца году і прыватызаваць, прадаць тым, хто хоча працаваць». Пры гэтым, як перадае БелТА, Лукашэнка зьвярнуў увагу, што цяперашнія кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў там ужо працаваць ня будуць. Магчыма, нават спэцыялістамі.
Камэнтуючы новую ініцыятыву кіраўніка дзяржавы, эканаміст Міхась Залескі назваў яе «досыць дзіўнай»:
«Паводле апошніх статыстычных дадзеных, стратных прадпрыемстваў дзесьці 58–59%. Але і гэтая лічба ня „чыстая“, а такая прыхаваная. Бо колькі ўжо гэтым гаспадаркам даравалі, колькі зь іх сьпісалі!
А потым вельмі дзіўная рэч — прыватызаваць. Я яшчэ не стары чалавек. У майго таты была зямля, і ён мне пальцам паказваў, дзе яна. Яе камуністы ў нас адабралі. І як яны цяпер будуць прыватызаваць?! І ў іншых сялян — адабралі. А зараз, каб яе мець, яе трэба яшчэ і прыватызаваць. Гэта вельмі небясьпечная заява».
На думку Залескага, падобныя заявы цягнуць за сабой «чарговую несправядлівасьць у дачыненьні да беларусаў».
«У майго таты зямлю адабралі. І ні капейкі за яе не далі, — кажа эканаміст. — І такіх людзей тут — мільёны».
Лукашэнка таксама заявіў, што сельская гаспадарка краіны ўжо можа даваць прыбытак:
«Сёньня ўжо кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю як оптам, так і ў розьніцу такія, што нашай сельскай гаспадарцы, якая атрымала немалую падтрымку ад дзяржавы ў папярэднія дзьве пяцігодкі, можна жыць самастойна і зарабляць».
«Калі ўлічыць, што рэнтабэльнасьць сельскай гаспадаркі ў Беларусі складае ўсяго 5–6%, то можна казаць: аграрныя прадпрыемствы, за рэдкім выключэньнем, фактычна ўсе стратныя», — адзначае экспэрт у галіне аграпрамысловага комплексу Аляксандар Ярашук:
«І ніхто нічога ня будзе рабіць. Калі насамрэч зрабіць тое, пра што кажа наш прэзыдэнт, а менавіта — прадаць збанкрутаваныя прадпрыемствы, то гэта будзе азначаць рэвалюцыю. Таму ніхто нічога ня будзе прадаваць. Як і раней, будуць сьпісваць даўгі.
Часам кажуць, што Лукашэнка збудаваў на вёсцы сыстэму, якая цалкам яму падпарадкоўваецца. Насамрэч усё наадварот. Ён адбудаваў такую сыстэму, закладнікам якой сам і стаў. Ня ён імі кіруе, а яны — ім. Менавіта так сыстэма адбудаваная. І нічога з гэтай сыстэмай, хоць ён і ідэалягічны, і арганізацыйны яе творца, зрабіць Лукашэнка ня можа. Таму што любы рух у гэтым кірунку будзе азначаць імгненны канец і спадара Лукашэнкі».
Падобна, што сёлетні ліпень становіцца месяцам экспэрымэнтаў у аграрным комплексе Беларусі. Так, вытворцы малака з Магілёўскай вобласьці атрымалі права самастойна вызначацца з цаной і пакупнікамі сваёй прадукцыі. Дазвол на такі экспэрымэнт ім даў 7 ліпеня асабіста Аляксандар Лукашэнка, наведваючы сыраробны завод у Бялынічах.