Трагедыя здарылася 11 ліпеня. Тады ў раён здарэньня вылецеў верталёт «МІ-8» МНС Расеі з шасьцю ратавальнікамі, якія сёньня знайшлі целы на вышыні 3400 мэтраў.
«На Камчатцы знаходзілася група з 8 беларускіх альпіністаў. У выніку трагічнага здарэньня загінулі беларускія альпіністы Сяргей Франкоўскі і Андрэй Крупадзёраў, якія былі зьвязаныя альпінісцкім рыштункам. Адзін сарваўся і пацягнуў другога за сабой», — паведаміў Аляксей Харушка.
Паводле ягоных словаў, Беларуская фэдэрацыя альпінізму зьвярнулася ў МНС Беларусі і МНС Расеі. Цяпер узгадняюць дзеяньні і абмяркоўваюць, як забраць целы. Іншыя альпіністы з групы спынілі свой паход і змогуць вярнуцца ў Беларусь разам зь нябожчыкамі.
«Такое можа здарыцца з кім заўгодна. Мяркуючы па ўдзельніках гэтай групы, загінулыя — прафэсійныя дасьведчаныя альпіністы. Я думаю, што гэта трагічны выпадак. Трэба адзначыць, што сярод беларускіх альпіністаў даволі рэдка такое здараецца, але гэта горы і экстрэмальныя ўмовы, таму імавернасьць заўсёды застаецца. Сярод нашых альпіністаў такія выпадкі бываюць раз на два гады, прычым не заўсёды з трагічным вынікам. Калі паглядзець статыстыку іншых краінаў, то гэта вельмі добры паказчык», — распавядае Аляксей Харушка.
«Камчатка — цяпер папулярны кірунак для альпіністаў, таму што там бязьлюдна, прыгожая прырода, цікавыя маршруты. Таксама беларускія альпіністы езьдзяць на Каўказ і ў Азію», — дадаў Аляксей Харушка.
Прэс-сакратар беларускага МЗС Дзьмітры Мірончык пацьвердзіў Радыё Свабода, што трагічнае здарэньне адбылося з грамадзянамі Беларусі:
«Аддзяленьне амбасады Беларусі ў Хабараўску гатовае аказаць судзеяньне, каб даставіць целы загінулых на радзіму».
Уладзімер Максімаў, кіраўнік аддзяленьня амбасады РБ у Хабараўску, кажа, што ўздымацца на гэтую гару ў ліпені было небясьпечна:
«Вызначана, што гэта грамадзяне Беларусі. Ім трохі больш за трыццаць гадоў. Там іх жонкі таксама прысутнічаюць. Яны ехалі групай — тры жанчыны і пяць мужчынаў. Прыехалі — не зарэгістраваліся ў МНС, як гэта звычайна бывае. Пэўная самаўпэўненасьць.
Гара гэтая вельмі небясьпечная. Туды трэба было хадзіць у траўні. Мясцовыя цяпер туды ня ходзяць, бо ў ліпені лёд рухаецца. Яны гэтага ня ведалі, ці ведалі і пайшлі на рызыку.
Двое загінулі. Астатнія выжылі. Тыя, хто выжыў, хацелі іх самастойна знайсьці, але не змаглі, бо іх далёка зьнесла. Зьвярнуліся ў МНС. Як толькі будзе афіцыйная інфармацыя, будзем паведамляць».
Пра гібель двух беларусаў паведамілі расейскія СМІ. Паводле іхняй інфармацыі, група беларускіх турыстаў пачала ўзыходжаньне на вулькан Камень у Вусць-Камчацкім раёне 9 ліпеня.