У пятніцу 11 ліпеня ў Дзень памяці генацыду ў Срэбраніцы ў Босьніі ў мэмарыяльным цэнтры Патачары адбылося пахаваньне астанкаў яшчэ 175 басьнійскіх ахвяраў генацыду ў Срэбраніцы. Да гэтага часу ў гэтым мэмарыяльным цэнтры былі пахаваныя 6066 ахвяраў генацыду.
У памінальнай службе і пахавальнай цырымоніі загінулых узялі ўдзел тысячы людзей.
Афіцыйная праграма пачалася з выкананьня нацыянальнага гімну Босьніі і Герцагавіны. Каміл Дуракавіч, мэр Срэбраніцы, заклікаў не забываць ахвяраў і дадаў, што гэта зьяўляецца абавязкам і будучых пакаленьняў.
Басьнійскія і замежныя дэлегацыі ўсклалі кветкі і вянкі у памяць пра загінулых.
Разьня ў Срэбраніцы — адна з самых вядомых і крывавых падзеяў грамадзянскай вайны ў Югаславіі 1991-1995 гадоў. Срэбраніцкі анкляў, абвешчаны Радай бясьпекі ААН у красавіку 1993 году «зонай бясьпекі», быў узяты войскамі басьнійскіх сэрбаў 11 ліпеня 1995 году.
Сэрбы забілі каля 8000 бяззбройных басьнійскіх мужчынаў ва ўзросьце ад 13 да 77 гадоў.
Самаму маладому забітаму — хлопчыку Сенаду Беганавічу, якога пахавалі сёньня ў Патачары, — было 14 гадоў. Ягоныя астанкі былі знойдзеныя ў чатырох розных масавых пахаваньнях.
Найстарэйшай ахвярай, якога ідэнтыфікавалі і пахавалі ў пятніцу, стаў Хурэм Бегавіч, які нарадзіўся ў 1916 годзе.
У студзені 2007 году Міжнародны трыбунал кваліфікаваў дзеяньні сэрбаў як генацыд. У студзені 2009 году Эўрапейскі парлямэнт абвясьціў 11 ліпеня «днём памяці генацыду ў Срэбраніцы».