Таямніцы КДБ з «архіву Мітрохіна»

Нататнік Васіля Мітрохіна.

Пасьля падвалаў расейскай спэцслужбы на Лубянцы самая падрабязная крыніца інфармацыі пра савецкі КДБ захоўваецца ў Англіі, у архіўным цэнтры імя Чэрчыля Кембрыджскага ўнівэрсытэту. Гэта — так званы «архіў Мітрохіна».

Васіль Мітрохін з 1956 году па 1984 год працаваў у архіўным аддзеле КДБ. Па ўласных словах Мітрохіна, пасьля выступу Хрушчова на закрытым пленуме ЦК КПСС з выкрыцьцём злачынстваў Сталіна ён расчараваўся ў ідэях камунізму і пачаў працаваць супраць сыстэмы, часткай якой ён быў. Гадамі Мітрохін мікрафільмаваў і хаваў у сябе на дачы самыя сакрэтныя дакумэнты савецкай спэцслужбы: матэрыялы аб зьнешніх апэрацыях КДБ, імёны афіцэраў, агентаў і інфарматараў КДБ, а таксама справаздачы савецкіх разьведчыкаў. У 1984 годзе Мітрохін выйшаў на пэнсію, у 1992 годзе прапанаваў супрацоўніку рэзыдэнтуры ў пасольстве Вялікабрытаніі ў Рызе 25 тысяч старонак назапашаных дакумэнтаў. У тым жа годзе брытанская выведка таемна пераправіла Мітрохіна зь сям’ёй у Англію.

Васіль Мітрохін

У 1996 годзе брытанскія ўлады вырашылі абнародаваць некаторыя дакумэнты з гіганцкага архіву, які ахоплівае апэрацыі савецкай спэцслужбы з 30-х па 80-я гады. Брытанскі гісторык Крыстафэр Эндру разам з самім Мітрохіным выдалі на падставе архіву тры кнігі. Як сказаў адзін з брытанскіх аналітыкаў, які ўдзельнічаў у разборы «архіву Мітрохіна», «калі б на Захад зьбег кіраўнік КДБ, ён валодаў бы значна меншым аб’ёмам сакрэтнай інфармацыяй».

Да апошняга часу доступ да «архіву Мітрохіна» мела даволі абмежаванае кола адмыслоўцаў, з гісторыкаў — толькі адзін Эндру. Зараз гэты доступ пашыраецца. Супрацоўніца Крыстафэра Эндру, дасьледчыца гісторыі савецкіх спэцслужбаў Сьвятлана Лохава распавяла нашаму радыё пра тое, на якія асаблівасьці дзейнасьць КДБ, яго папярэднікаў і пераемнікаў, пралівае сьвятло знакаміты архіў. Паводле яе нават да тых сюжэтаў, якія адлюстраваныя ў кнігах Эндру і Мітрохіна, адкрытыя дакумэнты дадаюць шмат чаго. Там ёсьць зьвесткі небясьпечныя, змрочныя, але і забаўныя: напрыклад, інфармацыя з дасье чальцоў знакамітай «кембрыджскай пяцёркі» Гая Бэрджэса і Дональда Макліна, што яны былі каханкамі. Абодва савецкія «краты», якія зьбеглі ў СССР, заўсёды гэта адмаўлялі.

Архіў складаецца ня толькі з дакумэнтаў КДБ, але і з нататак самога архіварыюса Лубянкі, у якіх адлюстраваны своеасаблівы ведамасны «фальклёр» — тое, што нікому са сваіх не прыходзіць у галаву запісваць, бо свае ўсе гэта і так ведаюць. Гэтая асабістыя нататкі Мітрохіна — адбітак духу КДБ адпаведнага пэрыяду.

Сьвятлана Лохава распавяла пра тое, што КДБ вэрбаваў агентаў на розных узроўнях і з рознымі чалавечымі характарыстыкамі: быў той жа Дональд Маклін, які займаў высокія пасады ў брытанскай выведцы і міністэрстве замежных справаў, але які мог, гуляючы з небясьпекай, ляпнуць калегам, што працуе на Маскву, але была і ціхая, непрыкметная «мышка» Мэліта Норвуд, якую было ня бачна і не чутно, але якая перадала КДБ шмат сакрэтнай інфармацыі, у тым ліку, і пра брытанскую ядзерную праграму.

Ці можна на падставе «архіву Мітрохіна» сказаць нешта пра мэтады дзеяньняў сучасных расейскіх спэцслужбаў? На думку Сьвятланы Лохавай — так. Паводле яе расейскія спэцслужбы заўсёды рабілі галоўную стаўку на чалавечы фактар, на чалавечы інтэлект, на агентуру. У той жа час амэрыканцы большую ўвагу надавалі тэхнічным сродкам збору інфармацыі і яе аналітычнай апрацоўцы. Але паводле Лохавай гэтыя звышсучасныя сродкі сачэньня не маглі прадухіліць, напрыклад, тэракт падчас Бостанскага маратону.

Дасьледчыца кажа, што калі у сувязі з гэтым тэрактам Крэмль даў дазвол на абмен інфармацыяй паміж расейскімі і амэрыканскімі спэцслужбамі, амэрыканцы змаглі ацаніць ўзровень агентурнай працы іх расейскіх калегаў па ісламісцкіх радыкалах ў Чачні.

Сьвятлана Лохава кажа, што адкрыцьцё доступу гісторыкаў да «архіву Мітрохіна» пашырае веду пра мінулае, фактычна ўводзіць у навуковы абарот цэлае схаванае вымярэньне палітыкі ХХ стагодзьдзя. «Без разуменьня разьведкі цяжка зразумець савецкую палітыку і савецкае мысьленьне», — кажа Сьвятлана Лохава.