Абураныя ўкраінскія кандытары прапануюць абмежаваць увоз малочных прадуктаў зь Беларусі

У адказ на рашэньне беларускіх уладаў абмежаваць імпарт украінскіх кандытарскіх вырабаў асацыяцыя «Укркондпром» прапануе прыняць такія ж меры да беларускіх малочных прадуктаў.

«Да беларусаў трэба прымяніць іхныя ж мэтады», — лічыць прэзыдэнт асацыяцыі Аляксандар Балдынюк. А абмежаваньне ўвозу «малочкі», на яго думку, — «адзіны эфэктыўны спосаб данесьці да беларусаў, што трэба ўсё ж прытрымлівацца абавязаньняў у дачыненьні да сваіх партнэраў».

У траўні 2014 году Беларусь распачала працэдуру ліцэнзаваньня імпарту кандытарскіх вырабаў.

«Яны прымушаюць нас вызначаць мінімальныя кошты на нашу прадукцыю ў дыяпазоне ад 50% да 500% вышэй за рынкавыя. Такі ўзровень цэнаў ня дасьць нам магчымасьці прадаваць на беларускім рынку, — прыводзяць словы Балдынюка „Ўкраінскія навіны“.

— Дагэтуль ніводнай ліцэнзіі не атрымана, бо пагаджацца на такія ўмовы няма сэнсу... Мы бачым, што перамовы (украінскага ўраду. — РС) зь Беларусьсю не даюць аніякага эфэкту, беларусы імітуюць перамоўныя працэсы... яны працягваюць праводзіць палітыку абмежаваньняў у дачыненьні да нашай кандытаркі.

Гэта толькі адзін з бакоў. Ёсьць яшчэ другі — беларусы забаранілі суб’ектам гандлю, у якіх ёсьць частка камунальнай ці дзяржаўнай уласнасьці, рэалізоўваць імпартную прадукцыю. Гэта грубае парушэньне базавых прынцыпаў міжнароднага гандлю. Беларусь лічыць магчымым не выконваць свае абавязаньні перад гандлёвымі партнэрамі і міжнароднымі арганізацыямі», — сказаў Балдынюк.

Для ўкраінскіх кандытараў Беларусь — другі па велічыні экспартны рынак пасьля расейскага. Летась украінцы экспартавалі ў нашу краіну слодычаў на 70 мільёнаў даляраў.

«Укркондпром» даслаў у Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю запыт з патрабаваньнем правесьці антыдыскрымінацыйнае расьсьледаваньне дзеяньняў Беларусі.