У Славянск пакрысе вяртаецца мірнае жыцьцё. Напамінам пра вайну застаюцца блёк-пасты сэпаратыстаў, ды разбомбленыя шматпавярховікі.
Жыхар Славянску Ігар, у інтэрв’ю беларускай службе Радыё Свабода распавёў, што галоўнае, чаго зараз чакаюць жыхары — гэта электрычнасьці. Ежу ўкраінскія ўлады пастаўляюць бясплатна.
Адсутнасьць электрычнасьці, кажа Ігар, не дае магчымасьці нават падсілкаваць мабільнікі каб патэлефанаваць сваякам у іншых рэгіёнах. Часткова гэтую сытуацыю вырашаюць — у некаторых спальных раёнах усталёўваць дызэльныя генератары, куды людзі прыходзяць сілкаваць мабільнікі. Мабільная сувязь у Славянску, хаця і нестабільная, але ёсьць.
Ігар кажа, што людзі тут тыднямі жылі без інфармацыі звонку, таму зараз зьяўляюцца абсалютна невераготныя міфы:
«Няма ж ні інтэрнэту, ні тэлебачаньня. Інфармацыйны вакуум. Таму розныя страхі, чуткі ходзяць. Я прыехаў у Славянск сёньня са Сьвятагорску, дзе маю працу. То ў мяне пыталіся, што там кажуць, і ці праўда, што 250 тысяч заходніх украінцаў зьбіраюцца перасяліць у Славянск. Або кажуць такое — мы баімся, маўляў, што як армія сыйдзе, то зойдзе „Правы сэктар“ і будзе дрэнна ўсім. А я ім кажу, што якога „Правага сэктару“ вы баіцеся, калі ён вунь у складзе нацгвардыі на блёк-пастах стаіць вакол Славянску, і нікога ж ня рэжуць...
У Сьвятагорску ў 30 кілямэтрах ад Славянску ня было сэпаратыстаў, то і нацгвардыя туды не заходзіла...То плёткі пераказвалі, што быццам бы украінцы ў Сьвятагорску абстралялі лякарню... То бок, шмат такіх плётак ходзіць надзвычай экзатычных...»
Ігар распавёў, што прыехаўшы ў Славянск пабачыў сапраўды шмат разбурэньняў. Аднак, кажа спадар, у гэтых разбурэньнях самыя «апалчэнцы» і вінаватыя. Ігар распавёў, што бачыў, як сэпаратысты стралялі са спальных раёнаў па блёк-пастах украінскага войска і адразу ж уцякалі, ведаючы, што вайскоўцы адкажуць мінамі...
Ігар распавёў Свабодзе, што цяпер у Славянску пачынаецца аднаўленьне мірнага жыцьця — людзі прыбіраюць завалы, забіваюць выбітыя вокны фанэрай ды чакаюць водазабесьпячэньня і сьвятла.