Частка мэмарыяльнага комплексу на месцы масавага забойства ахвяраў нацызму падчас Другой усясьветнай вайны ў Трасьцянцы мае паўстаць да 9 траўня 2015 году. Так загадаў Аляксандар Лукашэнка, закладаючы капсулу на месцы будучага мэмарыялу.
Збудаваць мэмарыял каштуе 10 мільёнаў эўра. Грошы возьмуць зь менскага бюджэту. Ці гатовы горад выдаткаваць 10 мільёнаў эўра? І што ўжо зроблена на месцы будучага мэмарыялу?
Адказаць на гэтыя пытаньні прадстаўнікі ўправаў ідэалёгіі і культуры Менгарвыканкаму адмовіліся.
Кіраўнік Міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Ёганэса Раў Віктар Балакіраў кажа, што працы нібыта вядуцца, і выказвае спадзяваньне, што іх завершаць у прызначаны тэрмін:
«Пасьля закладкі каменя прайшоў месяц, і там штосьці робіцца: я там быў тыдзень таму, і бульдозэры там працуюць. І ўсе кажуць, што калі прэзыдэнт сказаў, то будзе зроблена».
Нацыстоўскі канцэнтрацыйны лягер у Трасьцянцы каля Менску быў адным з найбуйнейшых лягераў сьмерці ў Эўропе. Ён займаў 120 гектараў. Гісторыкі ня ведаюць дакладнай лічбы загінулых: паводле розных дасьледчыкаў, яна вагаецца ад 250 да 600 тысяч чалавек.
І калі польскі лягер сьмерці Асьвенцім вядомы на ўвесь сьвет, то на месцы беларускага Трасьцянца ў савецкія часы паўстаў гарадзкі сьметнік.
Выправіць гэтую несправядлівасьць імкнуўся, сярод іншых, вядомы беларускі архітэктар Леанід Левін. Праект, створаны ягонай групай, мае стаць працягам мэмарыялу, кажа ягоная дачка, удзельніца групы распрацоўшчыкаў Галіна Левіна.
«Распачынаў Леанід Мендэлевіч — гэта быў ягоны і боль і нэрв жыцьцёвы, каб у Трасьцянцы паўстаў мэмарыял. Цяпер ягоная працоўная група працягвае гэтую працу, але пакуль што з праектнай майстэрняй адпаведная дамова яшчэ не падпісаная. І, вядома, хацелася б, каб увесь гэты працэс праходзіў нашмат хутчэй. А тое, што там была створаная звалка і гэтае месца было аддадзенае забыцьцю, то з гэтага мы таксама павінны зрабіць высновы».
Частку мэмарыялу паводле архітэктурнага праекту Леаніда Левіна мае прафінансаваць нямецкая дабрачынная супольнасьць, якая ўжо выдзяляе на гэта мільён даляраў. Агулам трасьцянецкі комплекс будзе пазначаны трыма мэмарыяламі — на месцах, дзе закатавалі найбольш людзей.
Але тэрміны ўзьвядзеньня мэмарыялу ня вызначаныя, кажа Віктар Балакіраў.
Зрэшты, матэрыяльны бок будаўніцтва — яшчэ ня самая галоўная праблема. Аўтары ідэі ўшанаваньня памяці ахвяраў — зь беларускага боку і зь нямецкага — хочуць паказаць трагедыю з абодвух бакоў: вачыма і ахвяраў, і катаў. Аднак у Беларусі гэтую ідэю наўрад ці прымуць, асьцерагаецца спадар Балакіраў:
Але паспрабуйце ў нас паказаць фатаграфію ката. Як да гэтага паставяцца людзі і асабліва вэтэраны? Адрынуць
«Не галоўнае мэмарыял — мэмарыял не павінен быць пампэзным. Галоўнае — якая праца будзе весьціся пасьля яго адкрыцьця. Мы вядзем гаворку пра эўрапейскую культуру ваеннай памяці. Але гэтая культура ў нас і ў Нямеччыне розная: у нас гэта псыхалёгія пераможцаў, а ў іх — пераможаных. І вось у нас ёсьць ідэя, каб разам зь немцамі зрабіць выставу, прысьвечаную Трасьцянцу. Першая частка яе мае быць прысьвечаная ахвярам — вязьням лягераў і гета. А другая частка — паказаць біяграфіі і гісторыю тых, хто забіваў людзей. Як звычайныя людзі ставіліся катамі і масавымі забойцамі. Але паспрабуйце ў нас паказаць фатаграфію ката. Як да гэтага паставяцца людзі і асабліва вэтэраны? Адрынуць».
Паводле спадара Балакірава, беларуска-нямецкая выстава, прысьвечаная Трасьцянцу, як і сам мэмарыяльны комплекс, мае стаць перасьцярогай, каб трагедыя масавага зьнішчэньня людзей больш ніколі не паўтарылася.