Канцэрн «Белнафтахім» патлумачыў, што сёньняшняе падвышэньне цэнаў на паліва зроблена «ў мэтах частковай кампэнсацыі адмоўнага ўплыву зьмены курсу беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, а таксама ў мэтах паэтапнага збліжэньня цэн на нафтапрадукты ў Беларусі і Расеі».
Цэньнікі на нафтапрадукты не мяняліся сёлета амаль паўгоду, хоць курс рубля мяняўся, а фінансавы стан беларускіх НПЗ ня самы лепшы. Канцэрн «Белнафтахім» некалькі разоў уносіў ва ўрад прапановы аб павышэньні цэнаў, але ўрад адкладаў гэтае рашэньне. Адной з прычын, верагодна, быў чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менску.
Як жа сёлета ўладам удалося пратрымаць цэны на паліва, бо летась яно даражэла 5 разоў, а ў 2011 годзе 11 разоў цягам году?
«Улады казалі, што паліва павінна каштаваць даляр і яно па сутнасьці да гэтага ідзе. Таму ў нас ужо 10 тысячаў АІ-95 каштуе. А ўдалося пратрымаць, бо нафта таксама стаіць на месцы, не даражэе. Але казаць, што паліва ў нас такое, як было год ці два таму, нельга. Яно даражэйшае. Трэба адзначыць, што ў цане паліва да 60% — гэта акцызы. Таму тут нельга сказаць, што тут зьяўляецца нейкая эфэктыўнасьць альбо нешта яшчэ. Гэта проста сьведчыць пра тое, што паліва будзе крыніцай дадатковых даходаў для бюджэту», — сказаў карэспандэнту Свабоды кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.
Экспэрт у аўтамабільнай галіне Анатоль Шаўчэнка адзначае, што падаражаньне паліва адаб’ецца на ўсіх суб’ектах гаспадараньня:
— Вядома ж, адносна даляра бэнзін у нас самы танны. Але нельга было надта і доўга павышаць цэны, бо інакш прывабнасьць нашага беларускага паліва для замежных перавозчыкаў даўно прапала б. Ніхто не купляў бы тут і не пакідаў тут грошы. А так паліва ў нас недарагое. Чаму ў нас чэргі на літоўскім напрамку? Там пакуль без абмежаваньняў паліва можна вывозіць, і некаторыя з гэтага зрабілі бізнэс. Проста вывозяць бэнзін.
— Ці можна чакаць сёлета новае падаражаньне бэнзіну?
— Вельмі цяжка сказаць апошняе ці не. Бо раптам заўтра будзе дэвальвацыя і казаць, што заўтра нічога не будзе, недальнабачна.