Разгледзім захады, якія Масква ўжыла толькі за апошні тыдзень.
Расея ніколі не хавала сваіх пачуцьцяў наконт суседзяў, якія наладжваюць бліжэйшыя сувязі з Эўрапейскім Зьвязам.
Таму не было нечаканасьцю, калі віцэ-міністар замежных справаў Грыгоры Карасін заявіў, што Ўкраіну чакаюць «сур'ёзныя наступствы» пасьля падпісаньня 27 чэрвеня пагадненьня аб бліжэйшых эканамічных сувязях з Брусэлем. Грузія і Малдова ў той самы дзень падпісалі падобныя пагадненьні аб узмацненьні фінансавых і палітычных сувязяў з Эўразьвязам.
Выглядае, што Крэмль ня мае ніякай ахвоты страціць уплыў на былыя савецкія рэспублікі – Расея прыкладае ўсе намаганьні, каб не дапусьціць далучэньня Ўкраіны і Грузіі да НАТО і зрабіла моцны ціск на былога ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Януковіча, які раптоўна адступіў ад падпісаньня дамовы аб асацыяцыі з ЭЗ за некалькі дзён да таго, як яна мелася быць падпісаная ў лістападзе 2013 году.
Масква, якая часта ўжывае санкцыі з мэтай запалохваньня, у мінулым забараняла імпарт грузінскай мінэральнай вады, малдаўскага віна і нават украінскага шакаляду, вырабленага на фабрыках цяперашняга прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.
Цяпер, калі гістарычныя пагадненьні з ЭЗ ужо падпісаныя, шмат хто чакае яшчэ больш суровага пакараньня. Разгледзім краіны, якія яно можа закрануць:
МАЛДОВА
Будучы найбяднейшай краінай Эўропы, маленькая Малдова вельмі адчувальная на любы эканамічны ціск. 2 ліпеня – у той самы дзень, калі кішынэўскія заканадаўцы ратыфікавалі пагадненьне з Эўразьвязам – Масква абвясьціла аб плянах абмежаваньня імпарту малдаўскага мяса.
Гэтае абмежаваньне, якое, паводле Расеі, выклікана санітарнымі парушэньнямі – спыніць экспарт з Малдовы перапрацаванага мяса і высакаякасных прадуктаў зь сьвініны, ялавічыны, каніны і бараніны. Гэтыя санкцыі працягнуць абвешчаную ў мінулым верасьні забарону на імпарт віна і перакрыюць адну з галоўных крыніцаў валютных паступленьняў у Малдову. Расея – трэці паводле велічыні імпартэр малдаўскай прадукцыі пасьля Эўразьвязу і Ўкраіны. Прэсавы сакратар ЭЗ у пытаньнях гандлю Джон Клэнсі сказаў, што Брусэль «шкадуе» аб гэтай забароне.
У дадатак да абмежаваньня паставак мяса Масква таксама спрабуе націснуць яшчэ на адно слабое месца Малдовы – Прыднястроўе. На гэтай прарасейскай тэрыторыі дагэтуль разьмешчаная расейская 14-я гвардзейская армія са значным вайсковым арсэналам.
3 ліпеня афіцыйныя асобы Прыднястроўя і Расеі падпісалі пакет пагадненьняў аб цясьнейшым супрацоўніцтве ў галіне эканомікі, гандлю, транспарту, сельскай гаспадаркі і навукі. Пагадненьні дазваляюць Маскве ўзмацніць сваю прысутнасьць у Прыднястроўі, якая мяжуе з паўднёвымі абласьцямі Ўкраіны. Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў падкрэсьліў неабходнасьць гэтых пагадненьняў з прычыны «ўскладненьня рэгіянальных эканамічных умоваў».
Выглядае, што ў адказ на гэта Кішынэў 4 ліпеня прыпыніў дзеяньне трансьляцыйнай ліцэнзіі расейскага навіннага тэлеканалу «Россия 24» і прыгразіў санкцыямі чатыром малдаўскім трансьлятарам, якія перадаюць праграмы іншых расейскіх станцыяў.
Малдаўская рада тэлерадыёвяшчаньня патлумачыла, што гэты крок выкліканы адсутнасьцю «плюралізму думак» у праграмах каналу. Кіраўнік расейскага Саюзу журналістаў Павел Гусеў назваў гэты крок «непрыязным актам», скіраваным на ізаляцыю расейскамоўных жыхароў Малдовы.
УКРАІНА
Страта Кіева – гэта мабыць самы балючы мазоль Масквы. Крэмль у роспачы спадзяваўся дадаць Украіну да навастворанага Мытнага саюзу – у які цяпер уваходзіць Расея, Беларусь і Казахстан – у спробе стварыць постсавецкую раўнавагу Эўрапейскаму Зьвязу.
Пасьпяхова спыніўшы Януковіча перад апошняй рысай летась у лістападзе, Расея назірала ягонае падзеньне пад напорам праэўрапейскага Майдану. Далейшая расейская анэксія Крыму і падтрымка жорсткага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны сьведчаць пра бескампрамісныя настроі ў Маскве.
Расейскія афіцыйныя асобы ўжо абвясьцілі, што яны выйдуць з дамовы з Кіевам аб зоне свабоднага гандлю, як толькі ўступіць у сілу пагадненьне Ўкраіны з Эўразьвязам, і зрабілі шматзначны намёк, што ў гэтым іх падтрымаюць Менск і Астана.
«Нягледзячы на ўсё, што здарылася, Расея ўсё яшчэ не абкладае мытам імпартаваныя з Украіны тавары, – заявіла 4 ліпеня прадстаўніца расейскай мытнай службы Тацяна Галяндзеева. – Мы разглядаем пытаньне аб прыпыненьні дамовы аб зоне свабоднага гандлю або канчатковым яе скасаваньні».
У той самы дзень Расея таксама забараніла ўвоз шэрагу ўкраінскіх малочных прадуктаў, цьвердзячы аб «заражэньні мікробамі» ды іншых санітарных парушэньнях. Гэтая забарона закранае малако, сыр і масла, якія вырабляюцца на заводах кіеўскай кампаніі Milkiland Ukraine.
Аднак, мабыць, наймацнейшы вагар, які яшчэ застаецца ў Расеі ў рэзэрве – гэта цэны на прыродны газ. Украіна і Расея маюць скончыць перамовы па газе да канца лета, і выглядае, што на гэтых перамовах пануе вельмі халодная атмасфэра. Газпром патрабуе, каб украінскі Нафтогаз яшчэ да пачатку перамоваў заплаціў 2 мільярды даляраў, незаплачаныя за пастаўкі 2013 году. Украінскі прэм'ер Арсень Яцанюк тым часам не зьбіраецца працягваць перамовы, не атрымаўшы гарантыю, што цана на газ у любых будучых кантрактах зьнізіцца ад 485 да 268,5 даляраў за тысячу кубамэтраў. Кіраўнік Газпрому Аляксей Мілер назваў пазыцыю Яцанюка «абсурднай, ультыматыўнай і неканструктыўнай». Эўразьвяз, які атрымлівае расейскі газ праз тэрыторыю Ўкраіны, хацеў бы, каб да канца лета пагадненьне было дасягнутае. Расея, Украіна і Эўразьвяз аднаўляюць перамовы 7 ліпеня.
ГРУЗІЯ
Дачыненьні паміж Расеяй і Грузіяй застаюцца халодныя пасьля 2008 году, калі паміж гэтымі краінамі выбухнула пяцідзённая вайна за сэпаратысцкія грузінскія тэрыторыі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Абедзьве тэрыторыі самаабвясьціліся незалежнымі пры падтрымцы Расеі. Аднак Тбілісі і Масква з таго часу асьцярожна спрабуюць аднавіць сувязі, наладзіўшы непасрэдны кантакт паміж урадамі і дамовіўшыся аб адмене забароны на імпарт у Расею грузінскай мінэральнай вады і іншых прадуктаў.
Перад падпісаньнем пагадненьня 27 чэрвеня грузінскія афіцыйныя асобы аптымістычна спадзяваліся, што гэты крок ня выкліча занадта «рэзкую рэакцыю» з боку Расеі. Аднак за пару дзён да падпісаньня НАТО абвясьціла, што не запрапануе Тбілісі фармальны крок да ўступленьня, а ў дыпляматычных колах прыватна гаварылася, што сытуацыя ва Ўкраіне выклікала боязь, што такі крок мог бы раздражніць Маскву.
Улады Грузіі таксама выказалі спадзяваньне, што пагадненьне з Эўразьвязам не зашкодзіць дамовам аб свабодным гандлі з Расеяй ды іншымі краінамі СНД. Абедзьве краіны маюць абмеркаваць гэтую праблему на сустрэчы 7 ліпеня ў Празе.
Міністэрства замежных справаў Расеі папярэдзіла Грузію яшчэ ў траўні, што ў Тбілісі мусяць «разумець наступствы» падпісаньня дамовы з ЭЗ. Магчымыя пункты ціску ўключаюць: адноўленую забарону на імпарт, якая цяпер дасягае найвышэйшага ўзроўню; залежнасьць Грузіі ад расейскай нафты; магчымасьць анэксіі Расеяй Паўднёвай Асэтыі паводле «крымскага ўзору».