«Беларусьфільм» выпусьціць у пракат 4 фільмы, у тым ліку новыя «Белыя росы» (+ТРЭЙЛЕРЫ)

Падчас здымкаў фільму "Дняпроўскі рубеж". Ілюстрацыйнае фота

Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» восеньню плянуе выпусьціць у пракат 4 карціны, піша БелТА са спасылкай на генэральнага дырэктара кінастудыі Алега Сільвановіча.

Сярод чаканых прэм’ераў — фільм рэжысэра Аляксандры Бутар «Белыя росы. Вяртаньне». Выхад на вялікія экраны працягу вядомай стужкі Ігара Дабралюбава плянуецца ў верасьні.

Яшчэ адна навінка — рамантычная камэдыя «З 8 сакавіка, мужчыны!» сумеснай вытворчасьці «Беларусьфільму» і расейскай кампаніі «Москит». Расейская публіка ўжо пасьпела ацаніць карціну — у суседняй краіне яе паказалі вясной. Беларусы змогуць паглядзець фільм праз пару месяцаў.

Для дзяцей кінематаграфісты падрыхтавалі прыгодніцкую камэдыю «Неверагоднае перамяшчэньне» рэжысэра-дэбютанта Аляксандра Анісімава. Дарэчы, фільм стаў першай працай у паўнамэтражным кіно сцэнарыста Рыты Шаграй, аўтара кароткамэтражнага фільму «Страх» (ваенны альманах «Тэрыторыя супраціву») і п’ес для дзяцей.

Чакае публіку і працяг цыклю «Дзяржаўная мяжа». У кінатэатрах можна будзе паглядзець фільм «Дзяржаўная мяжа. Фільм дзявяты: Кур’еры страху». Зараз кінастудыя прыступіла да здымак новых частак. Так, 2-сэрыйны тэлевізійны фільм "Дзяржаўная мяжа. Фільм дзясяты: Апэрацыя "Франклін«(рабочая назва) распавядае аб пачатковым этапе станаўленьня памежнай службы Рэспублікі Беларусь. Тэлевізійны фільм «Дзяржаўная мяжа. Фільм адзінаццаты: Грошы ня пахнуць» (рабочая назва) распавядае аб абароне беларускай мяжы, што праходзіць па рацэ Дняпро. Выхад фільмаў заплянаваны на 2015 год.

У плянах «Беларусьфільму» — удзел і ў Менскім міжнародным кінафэстывалі «Лістапад». Ня выключана, што ў асноўным конкурсе будзе прадстаўлены фільм «Я не вярнуся», створаны сумесна з кінакампаніямі «СТВ» (Расія), «Хэльсінкі-фільм» (Фінляндыя), «Амрыён» (Эстонія). Таксама кінастудыя рыхтуе падборку мультфільмаў для дзяцей ад 6 да 10 гадоў, якая ўвойдзе ў пазаконкурсную праграму.